У Беларусі распрацоўваецца новы закон аб абароне персанальных дадзеных



У Беларусі другі год вядзецца праца па распрацоўцы новага эфектыўнага закона аб абароне персанальных дадзеных.

Пра найбольш распаўсюджанае парушэнне выкарыстання персанальных дадзеных грамадзян у Беларусі падчас анлайн-сустрэчы «Абарона персанальных дадзеных – погляд у будучыню» ў Менску распавёў вядучы спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы ActiveCloud Антон Грэцкі:

– Ёсць так званы халодны продаж, усім вам тэлефанавалі, прапаноўвалі, напэўна, схадзіць на нейкія прэзентацыі, купіць нейкія коўдры, каструлі, яшчэ штосьці. Натуральна, што гэтых людзей вы не бачылі і не ведалі, і самі думалі: адкуль у іх мой нумар тэлефона? Вось гэтыя бізнесмены сапраўды парушаюць закон, так як згоды на апрацоўку вашых персанальных дадзеных, як мінімум нумара тэлефона, натуральна яны ў вас не атрымлівалі.

Адна з мэтаў праекта новага закону аб персанальных дадзеных, які мусіць быць прыняты сёлета ў жніўні – упарадкаваць і засцерагчы жыццё грамадзян у сетках і зрабіць яго камфортным, а таксама супрацьстаяць кіберзлачынствам.

Беларускае Радыё Рацыя