Распрацоўваюцца змены ў закон аб сацыяльнай абароне людзей з інваліднасцю
Асветніцкая праваабарончая ўстанова „Офіс па правах людзей з інваліднасцю” прыме ўдзел у распрацоўцы закона аб сацыяльнай абароне людзей з інваліднасцю, паведамілі БелаПАН у арганізацыі.
Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў рыхтуе праект закона „Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў”.
Для распрацоўкі законапраекта была створана рабочая група, у склад якой увайшлі розныя грамадскія арганізацыі, што працуюць з тэмай інваліднасці, Акадэмія МУС і Міністэрства аховы здароўя, а таксама Офіс па правах людзей з інваліднасцю.
Першае абмеркаванне адбылося 11 мая. Паводле слоў дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, чакаецца, што ўжо ў ліпені можа з’явіцца першы праект дакумента і далей ён будзе накіраваны на ўзгадненне з зацікаўленымі органамі.
„На наш погляд, новы закон павінен адпавядаць духу Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю і зыходзіць з пазіцыі суб’ектнасці чалавека з інваліднасцю, прызнання і павагі да яго правоў і усямернай абароны”, — заявіў Драздоўскі.
Ён адзначыў, што стан інваліднасці сёння „па сутнасці тоесны дыскрымінацыйнаму становішчу”. „Гэта значыць, па сутнасці, інваліднасць з’яўляецца падставай для шматлікіх і разнастайных сітуацый дыскрымінацыі з-за гэтай прыкметы, — сказаў Драздоўскі. — У цэлым у дачыненні да закона мы б хацелі, каб ён апісваў палітыку інваліднасці і ўсе далейшыя меры па яе рэалізацыі, зыходзячы з пазіцыі правоў людзей з інваліднасцю”.
Паводле яго слоў, закон павінен быць прамога прымянення, каб любы чалавек на яго падставе мог атрымаць любую ступень абароны ад любой праявы дыскрымінацыі. БелаПАН