У Беларусі расстраляны чарговы асуджаны да смерці
Расстраляны жыхар Лідскага раёна Іван Кулеш. Пра гэта каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда даведаўся ад сваякоў расстралянага.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, меркаваная дата расстрэлу — 5 лістапада. Дакладная дата будзе вядомая, калі сваякі атрымаюць пасведчанне аб смерці.
Нагадаем, што 20 лістапада 2015 года Гарадзенскі абласны суд пад старшынствам суддзі Анатоля Зайца абвясціў смяротны прысуд Івану Куляшу.
Кулеш быў прызнаны вінаватым у трох забойствах, крадзяжы, рабаванні і спробе яшчэ аднаго забойства. Змякчальнымі акалічнасцямі суд палічыў тое, што ў Івана Куляша ёсьць малалетняе дзіця, а таксама яго асабістае прызнанне ва ўчыненні злачынстваў і яўку з павіннай. Да абцяжарвальных акалічнасьцяў аднесьлі п’яны стан Куляша ў час злачынстваў і ягоныя ранейшыя злачынствы. Нестыкоўкі паміж паказаннямі падсуднага і матэрыяламі следства патлумачылі тым, што ў момант здзяйснення злачынства Кулеш быў п’яны і злачынствы адбыліся досыць даўно. Шмат пытанняў па гэтай справе застаецца і ў журналістаў.
28-гадовы Іван Кулеш – выхаванец дзіцячага дому, жыў без сям’і, скончыў усяго 9 класаў школы. У 18 год быў асуджаны першы раз за крадзёж. У 2014-м годзе яго абвінавачвалі ў непраўдзівым даносе і крадзяжы. Іван Кулеш афіцыйна нідзе не працаваў. Зарабляў зборам грыбоў і ягад ды іншымі часовымі падзаробкамі. Жыў у вёсцы Сялец Лідскага раёну, хоць быў прапісаны ў Баранавіцкім раёне. Меў непаўнагадовае дзіця.
Фота spring96.org