У Беларусі расце колькасць крымінальных спраў за гвалт з сілавікоў



Колькасць крымінальных спраў па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да сілавікоў расце, заявіў у эфіры Беларускага тэлебачання генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Калі ў пачатку кастрычніка такіх спраў было каля 400, у сярэдзіне месяца — больш за 500, то цяпер іх ужо 657. Абвінавачанымі па гэтых справах праходзяць каля 200 чалавек. Па дзевяці справах ужо адбыліся суды. „Па большасці з іх асобы асуджаныя да пазбаўлення волі, і далей такая практыка будзе працягвацца”, — сказаў Швед.

Ён заявіў аб радыкалізацыі пратэстаў і ўслед за кіраўніком МУС Юрыем Караевым ужыў слова „вайна”. „Па сутнасці справы, ідзе вайна, вайна, якая набыла ў апошнія некалькі тыдняў вельмі радыкальныя формы”, — сказаў генпракурор.

Пры гэтым ніводнай крымінальнай справы за збіцці і іншыя здзекі з беларусаў, учыненыя АМАПам і міліцыяй дагэтуль не пачата.

Беларускае Радыё Рацыя