У Беларусі ўкраінцы ратуюцца ад крымінальных справаў



У Беларусь усё часцей уцякаюць украінцы, супраць каторых на радзіме распачатыя крымінальныя справы. Гэта тычыцца не толькі высокапасадоўцаў, датычных да расстрэлаў на Майдане ў лютым 2014 года, але і звычайных крымінальнікаў.

У Мікалаеве вось ужо год шукаюць суддзю Цантральнага раёна Андрэя Рудзяка. У 2014 годзе гэты суддзя не толькі спланаваў забойства сваёй мачахі, але і замовіў яго мясцовым крымінальнікам за 5 000 даляраў. Труп суддзя ўласнаручна паклаў у багажнік аўтамабіля і выкінуў у рэчку.

Калі паліцыя высвятліла датычнасць пасынка да забойства мачахі, Андрэй Рудзяк, карыстаючыся статусам недатыкальнасці суддзі, уцёк у Беларусь. Следству вядома, што з Украіны ён уцякаў праз кантрольна-прапускны пункт Гарнастаеўка, што ў Чарнігаўскай вобласці. Далейшы лёс суддзі-крымінальніка невядомы. Беларускія праваахоўнікі не спяшаюцца дапамагаць украінскім калегам.

Гэта далёка не першы выпадак, калі ўкраінцы хаваюцца ад правасуддзя ў нашай краіне. Так, беларуская пракуратура праігнаравала шматлікія запыты Кіева наконт экстрадыцыі былога ўкраінскага пасла ў Беларусі Міхаіла Ежэля, супраць каторага ва Украіне ўзбуджана больш за 50 крымінальных справаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя