У Беларусі сабраліся ўвесці падатак на „дармаедства”
Праблему эфектыўнай працоўнай занятасці нельга адкладаць ў доўгую скрыню – завіў Аляксандр Лукашэнка ў час нарады, дзе абмяркоўвалі праект так званага дэкрэта па барацьбе з “дармаедамі” і “лайдакамі”. Кіраўнік краіны даручыў цягам месяца дапрацаваць праект, паводле якога працаздольныя грамадзяне, якія больш як паўгода не выплачвалі падаткі, будуць абавязаны раз у год выплачваць аднаразовы збор. Яго меркаваны памер – 20 базавых велічыняў, або прыкладна 250 даляраў.
Былы міністр працы Аляксандр Сасноў не бачыць практычных вынікаў гэтага рашэння:
– Тыя, што не хочуць працаваць і з’яўляюцца менавіта антысацыяльнымі элементамі, яны па-ранейшаму не будуць працаваць. Ды да іх і чапляцца не будуць, бо з іх нічога не возьмеш. А чапляцца будуць да тых, хто дзесьці неафіцыйна працуе і не плаціць падаткаў. Хтосьці зробіць захады, каб абысці гэтыя “наезды”. Я не думаю, што гэта дасць нейкі вялікі вынік.
Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла прыгадвае, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначае “права”, а не “абавязак” працы:
– Хоць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дэкларуе, што дзяржава з’яўляецца прававой і дэмакратычнай, аднак ніхто з чыноўнікаў і дзяржорганаў, пачынаючы з кіраўніка дзяржавы і заканчваючы старшынём сельскага выканкама, у бок гэтай Канстытуцыі нават не глядзяць.
Адзначым, што паводле Лукашэнкі, у Беларусі каля 500 тысяч працаздольных грамадзян, якія нідзе не працуюць. Меркавана, ад выплаты так званага “падатку на дармаедаў” вызваляць тых грамадзян, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць працаваць, напрыклад, інвалідаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Беларусі плануюць увесці збор з беспрацоўных грамадзян. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Валерыя Міцкевіча. Такая мера змяшчаецца ў праекце прэзідэнцкага дэкрэта аб стымуляванні занятасці.
Збор плануецца спаганяць з працаздольных грамадзян, якія афіцыйна нідзе не працуюць, не плацяць падаткі і, адпаведна, не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Памер ўзносу складзе 20 базавых велічынь (1 базавая велічыня складае 180 тысяч беларускіх рублёў, або каля 12 долараў). Выплачваць яго, калі дэкрэт будзе прыняты, беспрацоўныя павінны будуць адзін раз у год. За ўхіленне ад выплаты будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Праект дэкрэта абмяркоўваўся 13 студзеня на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Па выніках абмеркавання Лукашэнка даручыў дапрацаваць дакумент цягам месяца.
Фота finatica.by