У Беларусі самая складаная сітуацыя з некамерцыйнымі арганізацыямі



У Брусэлі прайшла прэзентацыя рэгіянальнага агляду па сітуацыі са становішчам арганізацый грамадзянскай супольнасці ў 6 краінах «Усходняга партнёрства». Рыхтавалі агляд эксперты з Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана. Як вынікае з агляду, у Беларусі самая складаная сітуацыя з некамерцыйнымі арганізацыямі.

У аглядзе адзначаецца, што ў Беларусі з шасці краін «Усходняга партнёрства» найбольш складаны доступ да фінансавання. Наша краіна адзіная, дзе няма дакументаў з прапісанай схемай супрацы і ўзаемадзеяння НКА і дзяржавы. А пошліна на рэгістрацыю ў Беларусі рэспубліканскага ці міжнароднага грамадскага аб’яднання альбо фонду найвялікшая – 10 базавых велічынь (ці амаль 135 еўра).

Сярод пазітыву адзначаецца тое, што ў Беларусі ў параўнанні з некаторымі іншымі краінамі не абцяжарана прыцягненне валанцёраў да дзейнасці НКА. Як вынік, у Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, найменшая колькасць НКА ў параўнанні з іншымі краінамі «Усходняга партнёрства». У Арменіі на амаль 3 мільёны насельніцтва каля 5 з паловай тысяч некамерцыйных арганізацый, а ў Беларусі каля трох тысяч фондаў і грамадскіх абʼяднанняў.

Падсумоўваючы вынікі агляду, эксперты прадставілі 273 рэкамендацыі па паляпшэнні становішча з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў краінах «Усходняга партнёрства». З іх больш за ўсё тычацца Беларусі – 72 рэкамендацыі.

Беларускае Радыё Рацыя