У Беларусі штогод каля 30 тысяч чалавек пераносяць інсульты
У Беларусі штогод каля 30 тысяч чалавек пераносяць інсульты, – такую лічбу агучыла Міністэрства аховы здароўя з нагоды Сусветнага дня барацьбы з інсультамі, які прыпадае на 29 кастрычніка. У 15% выпадкаў вынік смяротны, а ў астатніх вострае парушэнне мазгавога кровазвароту прыводзіць да інваліднасці.
Перадусім прафілактыка гэтай цяжкай паталогіі залежыць ад здаровага ладу жыцця чалавека, – адзначае лекар Таццяна Кім:
– Мы ўсе самі з’яўляемся гаспадарамі свайго жыцця, свайго здароўя. Гэта элементарная рэч – здаровы лад жыцця, пра які кажуць шматлікія, але, на жаль, не ўсе выконваюць Гэта адмова ад курэння, перш за ўсё, адмова ад ужывання няякасных спіртных напояў і іх вялікай колькасці. Гэта і правільнае харчаванне, складана часам адмовіцца ад тых прадуктаў, якія любяць гурманы, – гэта смажаная і тлустая ежа.
Суразмоўца дадае, што ёсць тры прыкметы, па якіх магчыма адназначна зразумець, што ў чалавека здарыўся інсульт: немагчымасць усміхнуцца, цяжка падымаюцца і не ўтрымліваюцца рукі ды праблемы з вымаўленнем слоў.
Беларускае Радыё Рацыя