У Беларусі штогод зніжаецца ўзровень спажывання алкаголю



У Беларусі штогод зніжаецца ўзровень спажывання алкаголю, паведаміў 5 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Осіпчык.

Паводле яго слоў, калі ў 2010 годзе сярэдні ўзровень спажывання спіртнога складаў 17,5 літра на душу насельніцтва, то, паводле апошніх дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (на 2016 год), ён знізіўся да 11,2 літра.

Таксама зніжаецца смяротнасць ад захворванняў і здарэнняў, прычынай якіх стала спажыванне спіртнога, адзначыў дырэктар па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя. „Гэта алкагольныя псіхозы, цырозы і дарожна-транспартныя здарэнні, у якія людзі патрапілі па віне алкаголю”, — сказаў Осіпчык.

Ён расказаў, што сёння на ўліку ва ўрачоў-нарколагаў у Беларусі знаходзіцца 163 тыс. пацыентаў з сіндромам алкагольнай залежнасці і яшчэ каля 90 тыс. чалавек, якія ўжываюць алкаголь са шкоднымі наступствамі (злоўжываюць алкаголем).

„Калі вярнуцца на некалькі гадоў таму, то тады на дыспансерным уліку ў нас было ад 173 да 180 тыс. алкаголезалежных пацыентаў і 100—120 тыс. чалавек, якія ўжываюць алкаголь са шкоднымі наступствамі”, — сказаў намеснік дырэктара РНПЦ псіхічнага здароўя.

Паводле яго слоў, з нядаўняга часу для пацыентаў стацыянара з сіндромам залежнасці ад алкаголю распрацоўваецца методыка выкарыстання гіпербарычнай аксігенацыі. Гэта метад прымянення кіслароду пад высокім ціскам у лячэбных мэтах, які праводзіцца ў гіпербарычнай баракамеры.

„Гэта методыка дазваляе стварыць імунастымулюючы і псіхастымулюючы эфект для арганізма, паляпшаюцца працэсы абмену, хутчэй зніжаецца інтаксікацыя, паскараецца аднаўленне кагнітыўных функцый і памяці, зніжаецца працягласць шпіталізацыі”, — расказаў Осіпчык.

Методыка ўпершыню выкарыстоўваецца ў рамках купіравання сіндрому адмены на этапе аказання дапамогі медыцынскай рэабілітацыі ў стацыянары, удакладніў ён.

На сайце РНПЦ псіхічнага здароўя ўказана, што кошт аднаго сеансу гіпербарычнай аксігенацыі складае 38,65 рубля.

Гаворачы аб цэнах на іншыя метады лячэння для грамадзян Беларусі, намеснік дырэктара РНПЦ псіхічнага здароўя паведаміў, што так званая падшыўка лекавага сродку ў цэнтры каштуе ад 11 да 32 рублёў — гэта кошт лекаў. Ён адзначыў, што ў амбулаторных умовах гэта методыка не прымяняецца, неабходна легчы ў стацыянар на некаторы час. Гэта можна зрабіць і ананімна на платнай аснове. І такая паслуга карыстаецца попытам, падкрэсліў Осіпчык. Адзін дзень у стацыянары без харчавання каштуе 30—40 рублёў. А комплекс паслуг са знаходжаннем у стацыянары (на пяць дзён) абыдзецца пацыенту ў сярэднім у 150 рублёў.

Пры РНПЦ псіхічнага здароўя працуюць і групы псіхалагічнай дапамогі для сузалежных у рамках медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў. Задача псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў — перафарматаваць мысленне сузалежнага сваяка, мужа ці жонкі. „Пацыент са стацыянара прыходзіць звычайна дадому. Там яго альбо не прымаюць, альбо, наадварот, зноў прыносяць спіртное, — падкрэсліў намеснік дырэктара РНПЦ псіхічнага здароўя. — Таму дапамога сузалежным у тым, як сябе паводзіць, і запатрабаваная, і эфектыўная”. Паводле яго слоў, звычайна праз групавыя заняткі праходзяць 50—60% з іх, што залежыць ад разумення сітуацыі, загружанасці і схільнасці дапамагчы свайму сваяку.

belapan.by