У Беларусі „скарэктуюць” заканадаўства аб адвакатуры?



Адвакатам, якія працуюць індывідуальна, могуць забараніць ажыццяўляць абарону па крымінальных справах.

Як паведамляе тэлеграм-канал МотолькоПомоги, змены закрануць, у прыватнасці, артыкулы №33 „індывідуальная адвакацкая дзейнасць”. У новай рэдакцыі тэкст закона гучыць так: „індывідуальная адвакацкая дзейнасць ажыццяўляецца ў мэтах аказання юрыдычнай дапамогі, прадугледжанай артыкулам 26 гэтага Закона, за выключэннем юрыдычнай дапамогі па пытаннях крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях і працэсуальна-выканаўчага заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях”.

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў паведаміла — праўда, не на афіцыйным сайце, а ў сацсетках — што „БРКА праект закона Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь „Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, згодна з якім адвакацкім бюро і адвакатам, якія ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць індывідуальна, будзе забаронена праводзіць адміністрацыйныя і крымінальныя справы, на ўзгадненне не прадстаўляўся. БРКА накіравала запыт у Міністэрства юстыцыі з просьбай паведаміць аб тым, ці з’яўляецца ўказаны праект канчатковым”.

На думку экспертаў, калі жорсткі варыянт змяненняў у закон Аб адвакатуры ўсё-ткі будзе прыняты, гэта можа азначаць фактычную забарону на прафесію для адвакатаў, якія працуюць індывідуальна.

— Калі ў заканадаўстве плануюцца змены, якія могуць пагоршыць прававое становішча адвакатаў, то аб распрацоўцы такіх зменаў маюць права ведаць як адвакаты, так і грамадскасць у цэлым. І не проста ведаць, а ўдзельнічаць у абмеркаванні, аспрэчваць, пярэчыць супраць такіх зменаў, — піша з гэтай нагоды вядомы адвакат, абаронца Віктара Бабарыкі і адваката Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі. — Таму што пагаршэнне прававога становішча адвакатаў не толькі перашкаджае ім выконваць сваю працу, але і адбіваецца на ступені прававой абароненасці ўсіх грамадзян — і тых, якія атрымліваюць юрдапамогу, і тых, якім яна калі-небудзь можа спатрэбіцца, гэта значыць усіх.

Вось ужо два тыдні ў адвакацкім асяроддзі абмяркоўваецца інфармацыя аб тым, што распрацоўваецца (ці нават існуе) праект змяненняў у заканадаўства аб адвакатуры. Па чутках, сутнасць змяненняў у тым, што адвакацкія бюро і індывідуальна практыкуючыя адвакаты цалкам спыняць дзейнасць альбо ім забароняць працаваць па крымінальных і адміністрацыйных справах. Пакуль доказаў чутак у нас няма, але ёсць ускосныя пацверджанні.

У 2010-2011 мы шмат сіл прыклалі да таго, каб дамагчыся права практыкаваць індывідуальна і ў адвакацкіх бюро. Такія формы дзейнасці давалі больш незалежнасці і магчымасцяў (ад выбару супрацоўнікаў і офіса да калектыўнай працы па вялікіх справах). Цяпер у бюро і індывідуальнай практыцы працуе прыкладна 1/3 усіх адвакатаў краіны.

Калі нам забароняць практыкаваць па крымінальных і адміністрацыйных справах або зусім запатрабуюць спынення дзейнасці адвакацкіх бюро і індывідуальных практык, то гэта будзе каласальны ўдар па незалежнасці прафесіі, адкат назад у развіцці адвакатуры і, безумоўна, сур’ёзнае прымяншэнне магчымасцяў грамадзян і арганізацый у атрыманні юрдапамогі.

Каб абвергнуць або пацвердзіць інфармацыю аб плануемых змяненнях, Дзмітрый Лаеўскі накіраваў афіцыйны зварот у Мінюст. Адказу пакуль не паступіла.

novychas.by паводле gazetaby.media