У Беларусі складуць дэталёвы рэестр усіх тарфянікаў
Гэта прадугледжвае нядаўна прыняты ўнікальны Закон «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў», распрацаваны пры падтрымцы праекта ПРААН/ГЭФ «Вэтландс».
Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік кіраўніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьміч:
– У мэтах рэалізацыі палажэнняў новага закона пры падтрымцы праекта ПРААН/ГЭФ «Вэтландс» плануецца распрацаваць электронную базу дадзеных рэестра тарфянікаў, у якую ў перспектыве ўключыць дэталёвую інфармацыі па кожнаму тарфяніку нашай краіны. Апрабаваць падыходы да функцыявання такой базы дадзеных плануецца на прыкладзе Берасцескай вобласці.
Зараз у Беларусі налічваецца 836 тысяч гектараў прыродных балот, гэта шмат у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі, але толькі траціна ад таго, што было да савецкай меліярацыі. Дзве траціны беларускіх балот ужо знаходзяцца пад ахоўным статусам, пасля прыняцця закону плануецца перавод у такі статус усіх балот.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя