У Беларусі стартуе Тыдзень асветніцкіх дзеянняў супраць расізму, дыскрымінацыі і нянавісці



У Беларусі з 17 па 26 сакавіка праходзіць Тыдзень асветніцкіх дзеянняў супраць расізму, дыскрымінацыі і нянавісці. Акцыя праводзіцца штогод з 2014 года.

Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік арганізатара мерапрыемстваў тыдня — няўрадавай арганізацыі Human Constanta — Валдзіс Кінік, гэтай акцыяй Беларусь далучаецца да агульнаеўрапейскага Тыдня асветніцкіх дзеянняў супраць расізму. Ён штогод ініцыюецца Еўрапейскім аб`яднаннем супраць нацыяналізму, расізму, фашызму і ў падтрымку мігрантаў і бежанцаў United.

„У рамках тыдня мы гаворым не толькі пра расізм, але і пра дыскрымінацыю ў прынцыпе і нянавісць або непрыязнасць да вялікай колькасці розных груп людзей, якія яе спараджаюць, падтрымліваюць і апраўдваюць, — адзначыў Кінік. — Дыскрымінацыя — частка сучаснай сацыяльнай рэальнасці. І яна ёсць ў Беларусі”.

Паводле яго слоў, гэта „штодзённыя жарты, кпіны над іншымі, чымсьці адрознымі людзьмі, якія прыніжаюць іх годнасць”. „На практыцы іншымі могуць быць хто заўгодна: жанчыны, мужчыны, светла- і цемнаскурыя, людзі з інваліднасцю і ментальнымі расстройствамі, дарослыя і юныя, вернікі і агностыкі або атэісты, людзі з вышэйшай адукацыяй і без, з вялікім дастаткам і малазабяспечаныя. Спіс амаль бясконцы”, — сказаў ён.

Дыскрымінацыя — гэта і абразлівыя паводзіны ў дачыненні да „іншых”, заснаваныя на забабонах. Гэта несправядлівае стаўленне да „іншых” у органах улады і правасуддзя, нават гвалт на глебе нянавісці. Усё гэта, на жаль, існуе, адзначыў Кінік.

„Мы разумеем, што цалкам ад гэтага пазбавіцца практычна немагчыма, але разам са многімі арганізацыямі і ініцыятывамі спрабуем прыцягнуць увагу да глыбінных прычын гэтых праблем і іх негатыўных наступстваў для асобных людзей і грамадства ў цэлым. Пры гэтым мы прапаноўваем абмеркаваць магчымыя дзеянні, накіраваныя на мінімізацыю праяў дыскрымінацыі, расказваем пра тое, што ўжо робіцца і рэальна дапамагае рабіць наш свет крыху лепшым”, — паведаміў прадстаўнік Human Constanta.

Пачнецца тыдзень 17 сакавіка з сустрэчы з „іншымі” людзьмі ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), якую правядуць прадстаўнікі праекта „Жывая Бібліятэка”. 18 сакавіка ў Менску пройдзе сацыяльная гульня „Іншы погляд”, паралельна ў Віцебску наладзяць гульню супраць стэрэатыпаў з праглядам і абмеркаваннем выразак з рэкламы і фільмаў, дзе транслююцца стэрэатыпы. Таксама ў Менску і Віцебску пакажуць тэматычныя фільмы, адбудуцца іх абмеркаванні.

19 сакавіка ў сталіцы пройдзе сустрэча на тэму „Навошта нам расізм?”. 23 сакавіка да тыдня далучацца Берасце і Баранавічы (Берасцейская вобласць), дзе пройдуць семінары і кінапаказы па праблеме фашызму і антысемітызму.

25 сакавіка ў Віцебску „Жывая Бібліятэка” дасць магчымасць усім жадаючым асабіста задаць пытанні людзям, якія ў сваім жыцці часта сутыкаюцца са стэрэатыпамі.

26 сакавіка на сустрэчу ў Менску аб мове варожасці ў дачыненні да спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў і людзей, якія пакутуюць ад залежнасцяў, запрашае ініцыятыва Legalize Belarus.

Расклад і месца правядзення мерапрыемстваў можна даведацца на старонцы Тыдня асветніцкіх дзеянняў супраць расізму, дыскрымінацыі і нянавісці ў „Фэйсбуку”.

belapan.by