У Беларусі ствараюць агульнанацыянальны інфармацыйны цэнтр для інвалідаў па зроку



У першую чаргу ў ім будзе акумулявана ўся неабходная інфармацыя для маладых людзей і студэнтаў з захворваннем вачэй. Кожны студэнт-інвалід па зроку зможа замовіць неабходны для яго матэрыял па вучобе, і яму зробяць гукавы файл альбо кнігу па сістэме Брайля.

Намеснік старшыні Берасцейскага абласнога праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Андрэй Лявіцкі паведаміў, што ўжо набыта неабходнае тэхнічнае абсталяванне:

–  Для інвалідаў па зроку, перадусім для нашай моладзі, студэнтаў вышэйшых навучальных установаў, ствараецца інфармацыйны рэсурс, які будзе дапамагаць ім перш за ўсё ў вучобе. Ужо купілі абсталяванне для вырабу некаторых матэрыялаў па сістэме Брайля і ў гукавым фармаце. Будуць прымацца заказы з рэгіёнаў, і ўжо ў цэнтральным упраўленні будзе вырабляцца той ці іншы матэрыял.

На Берасцейшчыне моладзь з захворваннем на зрок пераважна вучыцца ў Берасцейскім дзяржаўным педагагічным універсітэце і ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Адміністрацыя гэтых навучальных устаноў ахвотна ідзе на ўзаемадзеянне з таварыствам інвалідаў па зроку.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота