У Беларусі ствараюць Камітэт бацькоў добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне
Па розных дадзеных, да двух соцень беларусаў бароняць Украіну ад агрэсара. У Менску адбылася прэс-канферэнцыя стваральнікаў Камітэта бацькоў добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Распавядае бацька аднаго з такіх хлопцаў Віктар Мельнікаў:
– Аднадумцы вырашылі стварыць арганізацыю, каб з дапамогай юрыстаў, праваабаронцаў адстойваць свае правы. Нашыя дзеці сёння ваююць ва Украіне, бароняць Украіну і нашую Беларусь. Нашыя ўлады імкнуцца псіхалагічна ціснуць на нашых хлопцаў. З гэтым трэба нешта рабіць , трэба даносіць праўду да людзей. Арганізавана гэта рабіць лягчэй і прадпрымаць нейкія крокі на змену заканадаўства. Калі будзе патрэбна, яны будуць ведаць, куды звяртацца.
Асноўная арганізацыйная праца па стварэнні Камітэта ўжо зроблена. Наперадзе няпросты ў беларускіх рэаліях працэс рэгістрацыі. Юрыдычная, псіхалагічная дапамога патрэбна і самім бацькам добраахвотнікаў, бо і яны падвяргаюцца ціску з боку ўладаў.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.