У Беларусі ствараюць саюз праваслаўных жанчын



У Менскай духоўнай акадэміі 30 сакавіка адбыўся ўстаноўчы сход рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Беларускі саюз праваслаўных жанчын”, паведамляе прэс-служба Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ).

Новае аб’яднанне закліканае забяспечыць „актыўны ўдзел праваслаўных жанчын у духоўна-маральным, грамадска-палітычным, адукацыйным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны”.

Сход прайшоў з благаславення патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла. Саюз ствараецца пры падтрымцы сінадальнага аддзела БПЦ па ўзаемаадносінах царквы і грамадства.

Мерапрыемства ўзначаліў вікарый Менскай епархіі епіскап Бараўлянскі Ігнат. У сходзе ўзялі ўдзел намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка, старшыня сінадальнага аддзела БПЦ па ўзаемаадносінах царквы і грамадства протаіерэй Мікалай Коржыч, а таксама праваслаўныя жанчыны з розных рэгіёнаў Беларусі.

На ўстаноўчым сходзе зацверджаны статут грамадскага аб’яднання, а таксама адбыліся выбары праўлення. Старшынёй саюза абраная педагог-псіхолаг Таццяна Баршчэўская, якая працуе загадчыцай аддзела прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Ленінскага раёна Менска і супрацоўнічае з сінадальнага аддзела БПЦ па ўзаемаадносінах царквы і грамадства.

Згодна з законам „Аб грамадскіх аб’яднаннях” ад 4 кастрычніка 1994 года, рэспубліканскімі прызнаюцца грамадскія аб’яднанні і саюзы, чыя дзейнасць распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю краіны. Для стварэння рэспубліканскага аб’яднання неабходна не менш за 50 заснавальнікаў ад большасці абласцей Беларусі і Менска, якія павінны прыняць адпаведнае рашэнне на ўстаноўчым сходзе.

Для завяршэння стварэння аб’яднання Беларускаму саюзу праваслаўных жанчын неабходна прайсці працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі. Для гэтага на працягу месяца з моманту правядзення сходу неабходна падаць у органы юстыцыі заяву, статут, пратакол сходу, спіс заснавальнікаў, выплаціць дзяржпошліну.

belapan.by