У Беларусі стварылі тэставую базу «дармаедаў»



У Беларусі сфармавалі «пробную» базу звестак пра працаздольных грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, піша Tut.by са спасылкай на Міністэрства працы. Фінальную версію базы павінны стварыць да 1 снежня. Праверыць, ці ёсць вы ў базе, пакуль нельга. Плануецца, што кожны грамадзянін зможа праверыць, ці залічваюць яго да «дармаедаў». База будзе публічная, але можна будзе атрымаць доступ толькі да інфармацыі пра сябе.

Цяпер улады распрацоўваюць праграмнае забеспячэнне, якое не будзе публічна размяшчаць персанальныя звесткі. Дасылаць пісьмовыя апавяшчэнні пра «дармаедства» незанятым у эканоміцы не будуць. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор на дармаедаў  раней выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленні.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі. У сакавіку, пасля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеянне дэкрэту на год, але пазней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў».

Фота Tut.by