У Беларусі створана беларуска-кітайская асацыяцыя ўніверсітэтаў
У Менску прайшоў І Форум рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая.
Па выніках Форуму была створана беларуска-кітайская асацыяцыя ўніверсітэтаў, у якую ўвайшла 81 ВНУ абедзвюх краін. Сітуацыю каментуе старшыня Камісіі па адукацыі і навуцы Каардынацыйнай рады Беларусі Павел Церашковіч:
– З Кітаем ужо даўно спрабавалі наладзіць такія адносіны. Яны, шчыра кажучы, такія дастаткова дзіўныя. З аднаго боку ёсць кантынгент кітайскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ. Практычна ўсе выкладчыкі, якія сутыкаюцца з кітайскімі студэнтамі, скардзяцца, што яны вучацца не вельмі ахвотна. З іншага боку для Беларусі было б карысна наладзіць супрацоўніцтва. Кітай лепш разумее, што дзеля таго, каб эканоміка развівалася, патрэбны ўніверсітэты сусветнага класу.
Вядома, што ў Беларусі функцыянуюць 6 інстытутаў кітаязнаўства, 8 класаў кітаязнаўства, кабінеты Канфуцыя і цэнтры па вывучэнні кітайскай мовы і культуры — больш чым у 50 установах адукацыі. На базе кітайскіх універсітэтаў адкрыты ўсяго 12 цэнтраў вывучэння Беларусі, аднак чакаецца стварэнне яшчэ двух.
Беларускае Радыё Рацыя