У Беларусі суткавы прырост заражаных COVID-19 перавысіў 1,5 тысячы



За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.588 новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19, што з’яўляецца новым суткавым рэкордам з моманту пачатку эпідэміі ў краіне мінулай зімой. За суткі таксама памерла восем чалавек з COVID-19, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруса ў краіне дасягнула 122.435, памерла 1.089 чалавек.

20 лістапада было зафіксавана 1.457 заражаных і сем смерцяў.

Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 102.113 пацыентаў (1.364 за апошнія суткі).

Праведзена 3.041.384 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 31.894.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі дзейнічае абавязковы масачны рэжым. Сродкі індывідуальнай абароны загадана выкарыстоўваць на ўсіх без выключэння аб’ектах любой формы ўласнасці: у паліклініках, аптэках, крамах, кавярнях, грамадскім транспарце і таксі, у тым ліку маршрутных.

У шэрагу рэгіёнаў абмежаванае правядзенне спартыўных, культурных, відовішчных, навуковых, рэлігійных і іншых масавых мерапрыемстваў.

belapan.by