У Беларусі адзначаюць Дзень маці



Жыхары Беларусі  14 кастрычніка адзначаюць Дзень Маці – дзень, які прымеркаваны да праваслаўнага Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы.  Менавіта ў гэты дзень прынята віншаваць цяжарных жанчын і тых, у каго ўжо ёсць дзеткі. Гарадзенцы ў гэты дзень ідуць у госці да сваіх матуль, набываюць невялічкія падарункі і кветкі.

Жыхары Гародні распавялі Беларускаму Радыё Рацыя, як яны адзначаюць гэты дзень:

– У гэты дзень, вядома, хочацца павіншаваць маму, падзякаваць ёй за ўсё, што яна зрабіла для нас. Мы з сястрой, нягледзячы на ўсю сваю загружанасць, стараемся прыехаць да яе ў госці, зрабіць святочную вячэру.

– Дома ў гэты дзень мяне віншуе дачка. Робіць звычайна паштоўкі, ёй 12 гадоў. А я, вядома, віншую сваю маму.

– Сёння матулі, якія маюць траіх і больш дзяцей, атрымаюць ад прафсаюза падарункі. Дома збярэцца сям’я, прыедуць дзеці павіншаваць маму. Гарбата, торт. Так і будзем святкаваць.

– Дзень маці мы адзначаем з сям’ёй. Прыходзіць сын і дачка з сем’ямі. Бабуля ў нас яшчэ ёсць, якую таксама віншуем. Усім мамам моцнага здароўя, цярпення і каб разумелі адзін аднаго.

Да гэтага свята таксама падрыхтаваліся гарадзенскія мастакі і фатографы. У галерэі «У Майстра» пройдзе дабрачынны аўкцыён, прысвечаны дню маці. Усе атрыманыя грошы з яго пойдуць ў дапамогу гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу.

* * *

14 кастрычніка Беларусь адзначае Дзень маці, дата святкавання якога прымеркавана да вялікага праваслаўнага свята – Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Ва ўсіх праваслаўных цэрквах у гэты дзень праводзіцца святочнае набажэнства.

Лічыцца, што ў 910 годзе ў Ерусаліме цудоўным чынам Багародзіца явіла сябе, падчас набажэнства многія людзі ўбачылі ў небе Маці Божую, якая пакрывала ўсіх людзей, якія маліліся, шырокім белым покрывам, імкнучыся абараніць ўсіх дзяцей Божых.

Навукоўцы лічаць, што слова МАМА адносіцца да той групы слоў, якія з’явіліся яшчэ да ўзнікнення ў людзей прамовы. Прасачыць гісторыю гэтага слова практычна немагчыма, так як падобныя гукаспалучэнняў з такім жа значэннем ёсць практычна ва ўсіх мовах свету. Верагодна, гэта самае старажытнае слова на зямлі!

Беларускае Радыё Рацыя

Фота photoshablon.ru