Масавыя затрыманні падчас „Маршу справядлівасці” ў Менску



У Менску прайшоў „Марш справядлівасці”. У сталіцы дзясяткі затрыманых.

У акцыі прыняло ўдзел каля 150 тысяч чалавек.

Фота: Францішак Цярэшка

18.50. Калона людзей на праспекце сышла. Метро «Плошча Якуба Коласа» пакуль не працуе.

18.40. Затрымліваюць людзей, што ўжо разыходзіліся ад Якуба Коласа ў бок Акадэміі навук. Дзясяткі затрыманых.

18.30. На праспекце Незалежнасці пачаліся затрыманні каля гімназіі №23. Пад’ехалі міліцэйскія бусы. Марш падзяліўся на калоны. Людзі стараюцца сыходзіць вялікімі групамі.

18. 15. На плошчы Змітрака Бядулі праходзяць масавыя затрыманні.

Да сілавікоў падышло падмацаванне. Людзі ідуць вуліцай Казлова ў бок плошчы Змітрака Бядулі. Сілаікі паціху адцясняюць пратэстоўцаў.

Пратэстоўцы дайшлі праспектам да вуліцы Казлова, там стаяць спецназаўцы са шчытамі і з сістэмай „Рубеж”, а таксама іншай спецтэхнікай.

Людзі дайшлі да плошчы Якуба Коласа, запаўняюць прастору вакол помніка. Bыходзяць на праспект Незалежнасці, на праезную частку — і ідуць у бок плошчы Перамогі. Плошча Якуба Коласа цалкам запоўненая ўдзельнікамі маршу.

* * * 

Сілавікі не далі дэманстрантам выйсці на праспект Незалежнасці.

Калона беларускіх спартоўцаў на Маршы.

Фота: Радыё Свабода

Няміга цалкам запоўненая пратэстоўцамі. На падыходах да праспекту Незалежнасці — сілавікі.  У акцыі бярэ ўдзел каля 150 тысяч чалавек. 

Людзі збіраюцца ля Стэлы. Тут ужо некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

У Менску праходзяць кропкавыя затрыманні, у тым ліку – на Нямізе.

Ужо зачыненыя станцыі метро Якуба Коласа, Няміга, Купалаўская і Кастрычніцкая, а таксама Плошча Перамогі, перакрыты праспект Пушкіна.

Пратэстоўцы плануюць сабрацца каля Стэлы «Менск — горад-герой», а затым ісці да будынка Вярхоўнага суда.

У раён Вярхоўнага суда і Палаца Незалежнасці ў Менску сцягнутыя спецтэхніка і жывая сіла.

Фота: svaboda.org

* * * 

Сёння ў Беларусі а 14-й адбудуцца „Маршы справядлівасці”. Паводле традыцыі, найбуйнейшы чакаецца ў сталіцы. Спачатку людзі традыцыйна збіраюцца ў вялікія калоны ў сваіх раёнах, злучаюцца на вызначаных загадзя месцах і разам крочаць у цэнтар горада. 

У сталічным мікрараёне Каскад цяпер адбываецца сустрэча жыхароў, абмеркаванне сітуацыі і супольны выхад а 14 да Стэлы на Марш.

Фота: Францішак Цярэшка

У раён Палаца Незалежнасці, як і ў мінулыя нядзелі, прыехалі каля 10 БТРаў, а таксама машыны з калючым дротам і вадамёты. Пра гэта паведамляюць РИА Новости.

Фота: срыншот з відэа РИА Новости.

Беларускае Радыё Рацыя