У Беларусі трэцяя хваля каронавірусу ў самым разгары



У Беларусі трэцяя хваля каронавірусу зараз у самым разгары, але сітуацыя з COVID-19 ужо не будзе такой напружанай, як мінулай восенню, заявіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч 20 мая на штотыднёвай відэаканферэнцыі па сітуацыі з COVID-19 з кіраўнікамі лячэбных устаноў.

„Цяжкіх пацыентаў шмат — гэта служыць маркерам складанай сітуацыі. Калі ў лічбах, то, напрыклад, колькасць шпіталізаваных у 2,5 разы меншая, чым на піку восеньскай хвалі, а вось лік цяжкіх пацыентаў меншы толькі ў 1,5 раза”, — цытуе чыноўніка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Піневіч адзначыў, што сёння прыкладна 1,5 тыс. ложкаў у краіне вольныя. „Так што ў цяперашні эпідэмічны ўздым прынятае рашэнне не закрываць цалкам усе лякарні і ўсе аддзяленні, а частку з іх пакінуць для аказання звычайнай планавай, высокатэхналагічнай і спецыялізаванай дапамогі”, — сказаў ён.

Паводле слоў чыноўніка, у Менску ў поўным аб`ёме аказваецца спецыялізаваная афтальмалагічныя дапамога ў 3-й і 10-й лякарнях. Для такіх пацыентаў там адведзена больш за 215 месцаў. У 3-й бальніцы могуць прайсці гінекалагічнае лячэнне пацыенткі з адмоўным тэстам на COVID-19.

Па такім жа прынцыпе працуе 6-я лякарня: спецыялісты працягваюць лячыць пацыентаў з COVID-19, пры гэтым ва ўстанове выдзеленыя будынкі, дзе праходзяць лячэнне хранічныя пацыенты з остэаміелітам, з праблемамі па дарослай траўматалогіі, адкрытыя аддзяленні гнойнай хірургіі. Працягваюць аказваць планавую дапамогу ў дзіцячым траўматалагічным аддзяленні.

У чыстых зонах 1-й лякарні працягваюць працаваць кардыёлагі, нефролагі, гінеколагі.

У 2-й лякарні адкрытыя чыстыя зоны ў неўралогіі, гастраэнтэралогіі, практалогіі і уралогіі, працягваецца праца ў аддзяленні малаінвазіўнай хірургіі.

У 4-й лякарні працуюць аддзяленні для аказання планавай, высокатэхналагічнай і спецыялізаванай дапамогі пацыентам: ЛОР, сасудзістай хірургіі, нефралогіі і уралогіі.

Пацыентаў з адмоўнымі ПЛР-тэстамі прымаюць у аддзяленнях кардыялогіі і нейрахірургіі 5-й лякарні.

Усе рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, якія размешчаныя ў Менску, працуюць па сваіх асноўных напрамках дзейнасці, аказваючы планавую, спецыялізаваную і экстраную дапамогу.

Паводле дадзеных міністэрства, за мінулыя суткі ў краіне зарэгістравана 1.457 выпадкаў COVID-19, памерла 10 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 дасягнула 381.546, памерлых пацыентаў з каронавірусам — 2.742.

БелаПАН