У Беларусі ў 80 дзяцей дыягнаставаны каронавірус



У Беларусі ў 80 дзяцей дыягнаставаная каронавірусная інфекцыя COVID-19, паведаміла галоўны спецыяліст аддзела дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя лекар-педыятр Таццяна Бурдзь падчас анлайн-брыфінгу 14 красавіка.

«У большасці хвароба праходзіць бессімптомна або ў лёгкай форме, – адзначыла яна. – Цяжкіх або сярэднецяжкіх формаў цячэння захворвання, як правіла, няма. Аднак дзіцячая COVID-інфекцыя мае свае асаблівасці: тэмпература ў межах 37,1–38°C, чэраўны сімптом: млоснасць, ваніты, болі ў жываце. Могуць быць лёгкія катаральныя з’явы – боль у горле і невялікі кашаль».

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што шпіталізуюць дзяцей са станоўчым тэстам на каронавірус, а таксама асоб, якія зʼяўляюцца кантактамі першага і другога ўзроўняў, пры наяўнасці клінічных прыкмет захворвання. Некаторыя дзеці – кантакты першага і другога ўзроўняў могуць быць пакінутыя дома пры ўмове самаізаляцыі і выканання рэкамендацый медработнікаў. Калі ў такога дзіцяці зʼяўляюцца клінічныя сімптомы захворвання, трэба выклікаць хуткую дапамогу для яго шпіталізацыі. Стацыянары для такіх дзяцей вызначаныя ў кожным рэгіёне краіны.

Калі гаворка ідзе пра дзяцей да пяці гадоў і дзяцей-інвалідаў, разам з імі шпіталізуюцца дарослыя, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці. Калі дзіця старэйшае за пяць гадоў, варта ўдакладняць яго стан. Калі ён цяжка хворы і яму патрэбны дадатковы догляд, то магчымая шпіталізацыя і дарослага, які яго апякуе. Кожная сітуацыя разглядаецца індывідуальна, адзначыла Бурдзь.

На час неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе ўстрымацца ад правядзення першых прышчэпак нованароджаным. Пазней такія дзеці будуць прышчэпленыя паводле індывідуальнага плана. Пры гэтым Бурдзь удакладніла, што дома вакцынацыя не праводзіцца.

Пасля завяршэння канікул даведкі аб стане здароўя для наведвання школы дзецям не патрэбныя, сказала прадстаўнік міністэрства. Калі ж дзіця ў гэты перыяд хварэла, то даведку яму павінен выпісаць лекар-педыятр або лекар, які яго лекаваў.

Бурдзь таксама заўважыла, што забароны на наведванне дзіцячых секцый сёння няма, аднак Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе пазбягаць месцаў масавага збору людзей і ўстрымацца ад наведвання секцый і гурткоў.

БелаПАН

Фота: reform.by