У Беларусі ўдакладнены парадак абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў
У Беларусі ўдакладнены парадак абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў. Адпаведная пастанова „Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу” ад 3 кастрычнiка апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Подпісы пад дакументам паставілі начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Андрэй Паўлючэнка, міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Дакумент набудзе моц 1 снежня 2018 года.
„Гэта пастанова прадугледжана законам аб СМІ, які быў прыняты ў чэрвені гэтага года. Па вялікім рахунку яна не ўводзіць новыя нормы”, — паведаміў БелаПАН старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Паводле яго слоў, можна звярнуць увагу на тое, што змяняецца кола асоб, якія змогуць звяртацца ў Міністэрства інфармацыі з патрабаваннем абмежаваць доступ да таго ці іншага інтэрнэт-рэсурсу. „Раней яно фактычна не было закрытае, паколькі прысутнічала фармулёўка „і іншыя асобы”. Цяпер спіс такіх органаў абмяжоўваецца ў асноўным сілавымі структурамі. Але ўсе фізічныя і юрыдычныя асобы могуць звяртацца ў гэтыя органы, каб тыя ад свайго імя звярнуліся ў Мінінфарм з адпаведным запытам”, — сказаў ён.
Парадак абмежавання доступу да інтэрнэт-сайтаў захаваўся ранейшым, адзначыў Бастунец. Для гэтага Мінінфарм уключае іх у адпаведны спіс, пасля чаго правайдары абавязаныя абмежаваць да іх доступ.
Гэта хутчэй тэхнічны акт, дадаў Бастунец.
28 чэрвеня Савет Рэспублікі ўхваліў праект закона „Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае маштабныя папраўкі ў закон аб СМІ.
У законапраекце канкрэтызаваны парадак заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і перарэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, удакладнены падставы для адмовы ў іх. СМІ з замежным удзелам у статутным фондзе могуць і ў далейшым ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі пры ўмове, што такі замежны ўдзел не будзе павялічвацца.
Законапраект пашырае паняційны апарат закона аб СМІ (дапаўняецца тэрмінамі „сеткавае выданне”, „уладальнік інтэрнэт-рэсурсу”, „інтэрнэт-рэсурс” і іншымі). Інтэрнэт-рэсурсы, якія займаюцца распаўсюджваннем масавай інфармацыі, атрымліваюць магчымасць праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю для таго, каб стаць сеткавым выданнем, супрацоўнікі якога будуць карыстацца такімі ж правамі, што і журналісты традыцыйных СМІ. Пры гэтым дзяржрэгістрацыя будзе насіць добраахвотны характар. Упершыню ў законе аб СМІ ўстанаўліваюцца правы і абавязкі ўладальніка інтэрнэт-рэсурсаў.
Акрамя таго, прапаноўваецца абавязаць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў аналізаваць іх змест, не дапускаць размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена, абмежавана, а таксама матэрыялаў, якія ўтрымліваюць нецэнзурныя словы і выразы.
Найбольш крытыкаваная прафесійнай супольнасцю норма тычыцца абавязковай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, якія пакідаюць каментары ў інтэрнэце.