У Беларусі ўсталявалася анамальна цёплае надвор’е
Сярэднесуткавая тэмпература паветра перавысіла на 5-9 градусаў кліматычную норму.
Паводле вучонага сакратара Гомельскага аддзялення Беларускага геаграфічнага таварыства Уладзіміра Пашука, вынікі шматгадовых назіранняў сведчаць пра тое, што ў Беларусі змяняюцца агракліматычныя зоны:
– Агракліматычныя зоны пасоўваюцца на поўнач і тут ёсць наступствы станоўчыя: сланечнік, кукуруза, кавуны вырастаюць. Гэтыя культуры раней выспявалі раз на некалькі гадоў, калі здаралася выключна цёплае лета. Але ёсць наступствы і горшыя: высыханне ельнікаў. Пад уздзеяннем высокіх тэмператураў у нас пачалі распаўсюджвацца нетыповыя для нашага клімату паразіты, якія знішчаюць некаторыя пароды хвойных дрэваў.
Кандыдат геаграфічных навук Валерый Бандарэнка адзначае, што беларускую гаспадарку ў выніку пацяплення могуць чакаць пазітыўныя змяненні:
– Гэта скарачэнне ацяпляльнага сезона, скарачэнне затратаў на ацяпленне нашых жылых і службовых памяшканняў. Ацяпляльны сезон, калі не памыляюся, у цэлым скараціўся на тыдзень ці на два тыдні. Для транспарта наземнага гэтае пацяпленне станоўчае: гэта эканомія сродкаў на алівы разнастайныя і іншае.
У канцы лютага і пачатку сакавіка гэтага году, паводле інфармацыі беларускіх сіноптыкаў, чакаецца пераважна цёплае надвор’е. Удзень абяцаюць плюсавую тэмпературу, а ўначы невялічкія замаразкі — да -2°C.
Беларускае Радыё Рацыя