У Беларусі ўводзіцца абавязковае нашэнне масак
З 9 кастрычніка нашэнне масак і захаванне дыстанцыі ў грамадскіх месцах стане абавязковым для ўсіх. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Дадзеная норма ўнесена спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя ў санітарныя нормы і правілы, якія датычацца прафілактыкі грыпу і COVID-19.
Пастановай Міністэрства аховы здароўя ўнесены змены ў Санітарныя нормы і правілы «Патрабаванні да арганізацыі і правядзення санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне распаўсюджвання грыпу і інфекцыі COVID-19».
Намеснік міністра аховы здароўя – галоўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка паведаміў: «З 9 кастрычніка нашы грамадзяне абавязаны насіць маскі і захоўваць дыстанцыю ў магазінах, аб’ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, пры наведванні тэатраў, кінатэатраў, культурна-масавых мерапрыемстваў, стадыёнаў, прадпрыемстваў, устаноў аховы здароўя, аптэк і іншых аб’ектаў».
Ён паведаміў, што гэта звязана з тым, што ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі і Менску назіраецца дрэнная эпідэміялагічная сітуацыя па захворванні новай каронавіруснай інфекцыяй. «Унесены істотны дадатак – адказнасць фізічных асоб (грамадзян). Выконваць правілы будзе неабходна і ў грамадскім транспарце ўсіх відаў, уключаючы таксі. У санітарных нормах і правілах таксама паказана, як павінна насіцца маска», – сказаў ён.
Кантраляваць выкананне патрабаванняў будзе санітарна-эпідэміялагічная служба сумесна з зацікаўленымі, перш за ўсё МУС і Мінтрансам.