У Беларусі ўводзіцца аўдыё- і відэазапіс усіх судовых працэсаў
Cа студзеня ўсе судовыя працэсы ў Беларусі будуць фіксаваць на відэа і аўдыё, а з верасня наступнага года суды адмовяцца ад папяровых пратаколаў.
Пра гэта паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала 23 снежня ў праграме «Размова ў прэзідэнта» на тэлеканале «Беларусь 1». Як адзначыў Сукала, па выніках праведзенай у красавіку нарады Аляксандра Лукашэнкі з судзейскім корпусам быў зацверджаны пратакол развіцця сістэмы правасуддзя на найбліжэйшыя пяць гадоў, які змяшчае 23 даручэнні кіраўніка дзяржавы.
«Нам ужо ўдалося рэалізаваць значную частку даручэнняў. Галоўнае, што б я вылучыў – гэта ўкараненне лічбавізацыі ў сам працэс правасуддзя. Тое, што нам з 1 студзеня 2020 года давядзецца фіксаваць усе судовыя працэсы ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі, зробіць наша правасуддзе абсалютна празрыстым, адкрытым для насельніцтва, калі кожны грамадзянін можа бачыць, як адбываецца сам працэс правасуддзя», – адзначыў кіраўнік Вярхоўнага суда.
Акрамя таго, працягнуў ён, у адкрытым доступе фармуецца банк даных судовых рашэнняў і кожны чалавек зможа з імі азнаёміцца. «Для абсалютнай большасці людзей гэта вельмі цікава і для суб’ектаў гаспадарання таксама», – адзначыў старшыня Вярхоўнага суда. Паводле яго слоў, гэтыя меры ў выніку зробяць адкрытым не толькі сам працэс правасуддзя, але судовыя рашэнні, якія прымаюцца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА