У Беларусі ўводзяцца новыя правілы паступлення ў ВНУ
У Беларусі ўводзяцца новыя правілы паступлення ў ВНУ. Сярод іх – абавязковая характарыстыка са школы ці каледжа, якую абітурыент павінен падаць пры паступленні.
Прафесар ЕГУ Таццяна Шчытцова кажа, што гэта частка агульнага новага трэнду ў сістэме беларускай адукацыі. Ён усё больш праяўляецца ў мілітарызацыі навучальнага працэсу.
– Раней, і дзякуючы зноў вось гэтым людзям, якія з’явіліся і сачылі за чысткай кадраў, такая праца вялася ўнутры ўніверсітэта. А зараз вось гэты новы крок – увядзенне характарыстык, гэта такая прэвентыўная мера, каб ужо на ўваходзе, на этапе набору ў ВНУ, не дапускаць да навучання ў ВНУ маладых людзей, якія неяк праявілі крытычнае стаўленне да рэжыму.
Яшчэ сярод новых правіл паступлення – ільготы для дзяцей сілавікоў, якія пацярпелі падчас выканання службовых абавязкаў. Апроч таго, выхаванцы дзяржаўных ваенна-патрыятычных клубаў змогуць без іспытаў трапляць у ВНУ сілавога профілю.
Беларускае Радыё Рацыя