У Беларусі ўвядуць зніжкі за хуткую выплату штрафаў?



Правапарушэнні ў Беларусі прапануецца дзяліць на тры катэгорыі — правіна, значнае правапарушэнне і грубае парушэнне. Адпаведныя змены рыхтуюцца ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Такую працу вядзе міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Ад катэгорыі будзе залежаць і пакаранне, і тэрмін даўнасці, падчас якога чалавека могуць засудзіць. А вось калі правапарушальнік хуценька аплаціць штраф, яму могуць даць зніжку — да 50%, піша TUT.by са словаў міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага.

За правіну прапаноўваюцца такія санкцыі, як папярэджанне, вусная заўвага альбо штраф да 10 базавых велічыняў (сёння гэта 270 рублёў).

Тэрмін даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці таксама будзе залежаць ад катэгорыі правапарушэння. Пры правіне пасля папярэджання, ці вуснай заўвагі, ці аплаты штрафу, будзе лічыцца, што чалавек зусім не быў адміністрацыйна пакараны. Пры значным правапарушэнні тэрмін прыцягнення да адказнасці расцягнецца на паўгода, а пры сур’ёзным правапарушэнні — ажно на год.

Таксама Мінюст прапаноўвае зніжкі за хуткую аплату штрафу. Калі парушальнік аплачвае штраф на месцы або цягам тыдня, яму даецца зніжка на 25-50%, кажа міністр.

„Сёння прымяняецца павелічэнне штрафу ў выпадках несвоечасовай аплаты. Прапануецца супрацьлеглы падыход, які стымулюе парушальніка плаціць у час і зніжае выдаткі на адміністраванне штрафаў”, — патлумачыў Сліжэўскі.

Міністр юстыцыі падкрэсліў, што ўсе гэтыя прапановы яшчэ будуць абмяркоўвацца.