У Беларусі ўвялі новыя правілы для выезду за мяжу на сталае жыхарства
Савет міністраў пастановай нумар 798 ад 20 лістапада зацвердзіў Палажэнне аб парадку афармлення выезду для пастаяннага пражывання за межамі Беларусі. Дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.
У адпаведнасці з палажэннем, грамадзянін, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту або набыў дзеяздольнасць у поўным аб’ёме, асабіста падае адпаведную заяву і неабходныя дакументы ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі. У адносінах да непаўнагадовых заяву і дакументы можа падаць законны прадстаўнік. Далей пачынаецца праверка звестак. Будзе правярацца наяўнасць або адсутнасць абмежавання права на выезд, наяўнасць грамадзяніна ў адзіным дзяржаўным банку дадзеных аб правапарушэннях.
Таксама праверка будзе ўключаць запыты:
- аб выкананні падатковых абавязацельстваў,
- аб спыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка,
- аб наяўнасці згоды ваеннага камісарыята,
- аб выкананні аліментных абавязацельстваў,
- аб звестках па кампенсацыі выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей.
Рашэнне па заяве аб выездзе павінна прымацца не пазней за 15 дзён з дня атрымання інфармацыі аб выніках праверак.