У Беларусі ўзмоцнены санэпідэмнагляд з-за каронавіруса



Міністэрства аховы здароўя з 24 лютага ўзмацніла санітарна-эпідэміялагічны нагляд у сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса COVID-19 у Еўрапейскім рэгіёне і іншых краінах свету, паведаміла прэс-служба ведамства.

„Арганізаваны ўзмоцнены санітарна-каранцінны кантроль за асобамі, якія прыбываюць з Італіі, і медыцынскае назіранне за імі. Унесеныя дапаўненні ў „Комплексны план мерапрыемстваў па папярэджанні завозу і распаўсюджвання каронавіруса COVID-19″, прадугледжаныя дадатковыя мерапрыемствы ў дачыненні да грамадзян, якія прыбываюць з закрытых на каранцін краін, — гаворыцца ў паведамленні ведамства. — У тым ліку ўзмоцненыя меры бяспекі, арганізаваны дадатковы пункт санітарна-каранціннага кантролю і забору матэрыялу для правядзення лабараторных даследаванняў у нацыянальным аэрапорце Менск. Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамендуе сваім грамадзянам па магчымасці ўстрымацца ад наведвання тых рэгіёнаў паўночнай часткі Італіі, дзе аб’яўлены каранцін”.

У рэлізе адзначаецца, што сёння кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Уладзімір Каранік правёў нараду, у якой узялі ўдзел намеснікі міністра спорту і турызму. Чыноўнікі ўдакладнілі графік знаходжання ў Беларусі замежных спартсменаў, абмеркавалі пытанні перамяшчэння дэлегацый падчас міжнародных спаборніцтваў, распрацавалі план, які прадугледжвае „дадатковыя мерапрыемствы” для спартсменаў і членаў дэлегацый.

На 24 лютага праз санітарны кантроль на дзяржмяжы Беларусі прайшлі 568.519 чалавек, у тым ліку 1.137 чалавек, якія знаходзіліся ў Кітаі на працягу папярэдніх 14 дзён. У 27 чалавек выяўленыя сімптомы рэспіраторнага захворвання, вынікі лабараторнага даследавання адмоўныя.

Усяго з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі выяўлена 82 чалавекі, якія раней знаходзіліся ў Кітаі. Усе яны шпіталізаваныя ў інфекцыйныя стацыянары, дзе атрымалі неабходную меддапамогу і прайшлі праз лабараторныя даследаванні. „У шасці выпадках былі ідэнтыфікаваныя вірусы грыпу (вірус грыпу В і вірус грыпу А (H1N1), у адным выпадку — іншыя рэспіраторныя вірусы, у шасці выпадках — мікаплазма, у адным выпадку — мікст-інфекцыя (вірус грыпу А (H1N1) + мікаплазма). У 68 выпадках — вынікі даследаванняў на вірусы адмоўныя”, — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Зараз у краіне пад медыцынскім наглядам знаходзяцца 542 чалавекі. У дачыненні да 712 асобаў медыцынскае назіранне завершанае.

У Беларусь прыбылі 325 студэнтаў з КНР, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ. „З іх 141 студэнт зараз знаходзіцца пад медыцынскім наглядам у САК „Брыганціна” і ў Менскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі „Загор’е”, за 184 студэнтамі медыцынскае назіранне скончанае”, — паведаміла ведамства.

На 24 лютага ў ЗАТ „Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя” прыбыло 196 работнікаў з КНР, у індустрыяльны парк „Вялікі камень” — 69. Яны часова ізаляваныя ў асобныя памяшканні і знаходзяцца пад медыцынскім наглядам. „Сімптомы інфекцыйных захворванняў у дадзеных асоб адсутнічаюць”, — падкрэсліла прэс-служба.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнай камісіі аховы здароўя КНР, на 8.00 24 лютага зарэгістравана 77.262 выпадкі захворвання. Абвешчана аб зніжэнні ўзроўню пагрозы захворвання на каронавірус у правінцыях Юньнань і Гуйчжоу з першага (найвышэйшага) узроўню да трэцяга, Гуандун і Шаньсі — з першага да другога. Раней пра зніжэнне ўзроўню небяспекі заявілі медыцынскія ўлады правінцый Ганьсу і Ляанін.

Пацверджаны 2.101 выпадак захворвання ў 28 краінах (Аўстралія, Бельгія, Вялікабрытанія, В’етнам, Германія, Егіпет, Ізраіль, Індыя, Іран, Іспанія, Італія, Камбоджа, Канада, Лівія, Малайзія, Непал, ААЭ, Расея, Сінгапур, ЗША, Тайланд, Філіпіны, Фінляндыя, Францыя, Швецыя, Шры-Ланка, Паўднёвая Карэя, Японія).

belapan.by