У Беларусі ўзмоцніцца расейская прапаганда



Расейскае інфармагенцтва “Россия Сегодня” мае намер сур’ёзна ўзяцца за беларускі рынак.

Пра гэта заявіў яго кіраўнік Дзмітрый Кісялёў, якога называюць галоўным прапагандыстам узброенага канфліку ва Украіне. Сайт агенцтва “Спутнік” актыўна развіваецца і ўжо перацягнуў на працу да сябе некаторых прадстаўнікоў СМІ.

Разам з тым многія журналісты сур’ёзна занепакоеныя – ці не стане гэта чарговым уліваннем менавіта прапаганды на беларускі рынак? Такога меркавання, напрыклад, прытрымліваецца супрацоўнік тэлеканалу „Белсат” Міхась Янчук:

– Расейская прапаганда – гэта вельмі добра арганізаваная сіла. Яе бачна паўсюль. Яна ёсць на ўсіх узроўнях – пачынаючы ад палічак нашых беларускіх кніжных крамаў, сканчваючы на агульнафедэральных каналах, якія, так бы мовіць, прасуюць мозг нашым суграмадзянам. Я лічу, што трэба ўважліва сачыць за тым, што робяць тут расейскія медыі, тым больш, што беларуская незалежная прэса заціснутая вельмі моцна.

Тым часам, афіцыйны Менск настроены на шчыльнае супрацоўніцтва са “Спутнікам” – пра гэта заявіла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч на сустрэчы з Дзмітрыем Кісялёвым. Праўда, з дапамогай “Спутніка”, Ананіч плануе прасоўваць і Беларусь на інфармацыйным рынку Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя