У Беларусі вынесены чарговы смяротны прысуд



Гомельскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Нароўлі 17 сакавіка вынес смяротны прыгавор 32-гадоваму мясцоваму жыхару, які абвінавачваўся ў забойстве двух чалавек з асаблівай жорсткасцю. Прозвішча асуджанага не паведамляецца да ўваходжання прыгавору ў законную сілу.

Мужчына прызнаны вінаватым па артыкуле 139 Крымінальнага кодэкса і прыгавораны да выключнай меры пакарання — расстрэлу, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Вольга Барсукова.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачанага на карысць пацярпелай матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў суме 50 тыс. рублёў.

Прысуд не набыў законную моц, можа быць абскарджаны або апратэставаны.

Паводле інфармацыі суда, першае забойства жыхар Нароўлі ўчыніў, калі яму яшчэ не было 18 гадоў. Ён быў асуджаны, адседзеў і выйшаў на волю. 5 сакавіка 2016 года чарговымі ахвярамі забойцы сталі яго суседзі — 59-гадовая жанчына і 61-гадовы мужчына, брат і сястра. Прычынай канфлікту была сварка.

Абвінавачаны часткова прызнаў віну. Паведаміў, што прыйшоў да іх па нажніцы, каб пастрыгчы бацьку, але сусед нібыта накінуўся на яго, і яму давялося абараняцца.

Гэта першы смяротны прысуд у Беларусі ў 2017 годзе. Папярэдні быў вынесены 28 снежня 2016 года — 39-гадовага жыхара Мазыра Кірылы Казачака Гомельскі абласны суд прызнаў вінаватым у забойстве дваіх уласных дзяцей.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін з асуджаных быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль ужываюць смяротнае пакаранне. Міжнародная супольнасць — Савет Еўропы, Еўрасаюз, АБСЕ, праваабарончыя арганізацыі — неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшай яго адменай.

3 лютага гэтага года на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не спяшацца з прыняццем рашэння па пытанні смяротнага пакарання. „Я часта кажу еўрапейцам: давайце пачнем з Амерыкі, прымусьце яе адмяніць смяротнае пакаранне і іншых, у каго вы грошы вялікія бераце. Дык не, не жадаюць. Вось яны — падвойныя стандарты”, – сказаў ён. „Калі ад мяне патрабуюць увесці мараторый, кажу: давайце пераконваць грамадства, разгорнем дыскусію ў парламенце, партыях, грамадскіх арганізацыях. Калі мы потым у грамадства спытаем, распавёўшы сумленна за і супраць, і людзі прагаласуюць большасцю супроць смяротнага пакарання, я ў гэты ж дзень падпішу вынікі рэферэндуму”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Лукашэнка дадаў, што ён „не крыважэрны”. „Калі мне расстрэльныя артыкулы на стол кладуць, я падпісваю ўказ па смяротным пакаранні, вы не ўяўляеце, што са мной робіцца. Я апошні стаўлю подпіс, разумею, што пасля гэтага чалавека ўжо не будзе”, — сказаў прэзідэнт.

belapan.by