У Беларусі абвешчаны другі за год смяротны прысуд
У Беларусі абвешчаны другі з пачатку года смяротны прыгавор. Менскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу грамадзяніна Х., паведамілі праваабаронцы.
Паводле звестак праваабарончага сайта spring96.org, першапачаткова абвінавачваны быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення, аднак пракуратура прынесла пратэст, у выніку грамадзянін быў асуджаны на смяротнае пакаранне.
Начальнік аддзела забеспячэння судовай дзейнасці Менскага абласнога суда Таццяна Цецяратнік пацвердзіла гэтую інфармацыю. Прысуд быў абвешчаны 15 лютага.
Пра асобу абвінавачванага вядома, што яму 31 год. Родам з вёскі Мачулішчы Менскага раёна. Раней неаднаразова судзімы — за крадзеж, рабаванне, разбой, хуліганства, наўмыснае прычыненне менш цяжкага пашкоджання, уцягванне непаўналетняга ва ўчыненне злачынства і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі.
Па апошняй крымінальнай справе яму было выстаўленае абвінавачанне згодна з пп. 1, 6, 8, 16 ч. 2 арт. 139 КК (забойства дзвюх і больш асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю з мэтай утаіць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне, асобай, якая раней учыніла забойства). Ён таксама абвінавачваецца ў крадзяжы, замаху на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, невыкананні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду (ч. 2 арт. 205, ч. 1 арт. 14 да ч. 2 арт. 218, арт. 421 КК).
Гэта другі смяротны прысуд абвешчаны ў Беларусі ў 2016 годзе. 5 студзеня жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі быў прыгавораны Менскім абласным судом да расстрэлу за жорсткае забойства сваёй сужыцелькі.
На гэты момант у „калідоры смерці” следчага ізалятара № 1 Менска таксама знаходзяцца Іван Кулеш, асуджаны ў 2015 годзе за забойства трох чалавек і замах на забойства, і Сяргей Іваноў, асуджаны ў 2014 годзе за жорсткае забойства ледзь знаёмай дзяўчыны.
Адвакат Куляша падаў касацыйную скаргу на прысуд. 26 лютага яна будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе. 22 сакавіка, таксама ў Вярхоўным судзе, разгледзяць скаргу Генадзя Якавіцкага.
Скарга Сяргея Іванова пакінутая без задавальнення. Асуджаны звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека.
За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў. Толькі адзін асуджаны быў памілаваны прэзідэнтам.
Беларусь — адзіная ў Еўропе і на постсавецкай прасторы краіна, дзе дагэтуль захавалася смяротнае пакаранне.