У Беларусі абвешчаны яшчэ адзін прысуд паводле „справы Зэльцэра”



У Берасцейскім абласным судзе 4 красавіка абвесцілі прысуд палітвязню Дзянісу Карабану, затрыманаму за каментар у інтэрнэце пасля гібелі Андрэй Зельцэра.

Паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”. Мужчыну асудзілі на 2,5 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд вынесла „суддзя” Кацярына Груда. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў Аляксандр Жашко.

Палітвязня звінавацілі ў тым, што летась у верасні  ў групе ў „ВКонтакте” пад паведамленнем пра тое, што ў Менску быў застрэлены супрацоўнік КДБ, ён пакінуў „негатыўны каментар”.

Гэта другі вядомы прысуд па так званай „справе Зэльцэра”. У студзені ў Магілёве 45-гадовага жыхара горада Аляксандра Гаўрыленку засудзілі на два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу на 100 базавых адзінак.

Нагадаем, 28 верасня 2021 года ў Менску падчас перастрэлкі ў кватэры па вуліцы Якубоўскага загінулі два чалавекі: IT-спецыяліст Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.

Пасля трагедыі на вуліцы Якубоўскага ў Менску па краіне прайшла хваля затрыманняў тых, хто, на думку ўладаў, няправільна выказваўся пра гэтую сітуацыю ў сацыяльных сетках. Затрыманы таксама быў журналіст «Камсамолкі» Генадзь Мажэйка. Са звестак праваабаронцаў, усяго было затрымана больш за 200 чалавек, 136 з іх узяты пад варту.