У Беларусі абвесцілі чарговы смяротны прысуд



У судзе Вілейскага раёна 5 студзеня абвешчаны смяротны прысуд жыхару Вілейкі, абвінавачанага ў забойстве сваёй сужыцелькі.

Як стала вядома Край.бай, абвінавачаны раней быў судзімы за забойства ў савецкія часы. Тады яму абвесцілі смяротны прысуд, але пасля скаргі асуджанага ў Вярхоўны Суд, растрэльны прысуд быў зменены на пазбаўленне волі.

У жыцці абвінавачанага таксама ёсць эпізод нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці пацярпелага. На гэты раз справа разглядалася па другой частцы артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю».

Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе падтрымліваў супрацоўнік пракуратуры Менскай вобласці. Ён прасіў прысудзіць абвінавачванаму вышэйшую меру пакарання.

Суд пагадзіўся з меркаваннем дзяржаўнага абвінаваўцы. Прысуд пакуль не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.