У Беларусі выяўлена 800 выпадкаў гандлю людзьмі
У Беларусі сёлета выяўлена амаль 800 злачынстваў у сферы гандлю людзьмі, што ўдвая болей, чым за мінулы год аналагічнага перыяду.
Часцей у пастку рабаўнікоў маладзёны трапляюць праз інтэрнэт, а дакладней – сацыяльныя сеткі. Такую статыстыку падчас сустрэчы з пінскай моладдзю агучылі праваахоўнікі.
Асноўныя краіны, куды беларусаў вязуць у рабства – гэта Расея ды Турцыя. Юнакі імкнуцца на працу ў замежжа, таму адмыслоўцы падчас сустрэчы паспрабавалі максімальна распавесці, як мусіць складацца кантракт, адзначыла юрыст Марына Саланевіч:
– Як павінен выглядаць кантракт. Як праверыць і дзе ўзяць інфармацыю пра тое, што гэта за кантракт, які яны падпісваюць тут і цяпер не бачачы чалавека, які іх запрашае. Не ведаючы пра падводныя камяні падпісваюць і такім чынам трапляюць у рабскія ўмовы.
Праваахоўнікі адзначаюць, што гандаль людзьмі, на жаль, не мінуўшчына, а сучаснасць і гэтая злачынная сфера прыносіць вялікія грошы. Гандаль людзьмі саступае толькі гандлю зброяй і наркотыкамі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя