У Беларусі выяўлены брытанскі штам каронавіруса



У Беларусі выяўленыя першыя выпадкі інфікавання брытанскім штамам COVID-19, паведамляе ў тэлеграм-канале прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

У міністэрстве адзначылі, што гэтую інфармацыю пацвердзілі даследаванні спецыялістаў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Паводле слоў загадчыцы лабараторыі Алены Гасіч, у РНПЦ пастаянна праводзяцца даследаванні па генатыпаванні і вызначэнні мутацый віруса SARS-CoV-2, які цыркулюе або завозіцца на тэрыторыю краіны. Першыя ўзоры брытанскага штаму беларускія спецыялісты знайшлі ў асоб, якія прыбылі з-за мяжы — Польшчы, Украіны, Егіпта. „Яшчэ некалькі ўзораў атрыманы ў асоб, інфікаваных на тэрыторыі краіны”, — сказала Гасіч.

У Міністэрстве аховы здароўя лічаць, што развіццё пандэміі COVID-19 абумоўлена ў тым ліку праблемай зменлівасці ўзбуджальніка. „Гэты феномен добра вядомы для РНК-геномных вірусаў, напрыклад грып, ВІЧ, і дазваляе ўзбуджальнікам падтрымліваць і развіваць папуляцыю за кошт больш эфектыўнай адаптацыі да адчувальных клетак. Для прафілактыкі гэтай з`явы неабходна весці пастаянны малекулярна-эпідэміялагічны маніторынг змяненняў геному ўзбуджальніка, фізічнае дыстанцыяванне і вакцынацыю”, — паведамляе прэс-служба міністэрства.

Там нагадалі, што новы варыянт віруса SARS-CoV-2, які атрымаў найменне В.1.1.7, быў выяўлены ў 2020 годзе і пачаў актыўна распаўсюджвацца ў канцы лістапада — пачатку снежня. У міністэрстве не растлумачылі, чым брытанскі штам адрозніваецца ад іншых, паколькі „беларускія спецыялісты сутыкаюцца з ім упершыню”.

У новым штотыднёвым эпідэміялагічным бюлетэні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 9 сакавіка паведамляецца, што брытанскі варыянт штаму выяўлены ўжо ў 111 краінах.

Паводле звестак Эксетэрскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія), даследаванні гэтага штаму сведчаць аб тым, што брытанскі варыянт каранавіруса можа быць больш смяротным у параўнанні з іншымі. Даследчыкі параўналі дадзеныя каля 55 тысяч пар удзельнікаў, у якіх выявілі каранавірус з кастрычніка мінулага года па студзень гэтага, і назіралі за імі на працягу 28 дзён. Высветлілася, што верагоднасць смяротнага зыходу для інфікаваных новым варыянтам каранавіруса на 64% вышэйшая. У прыватнасці, смяротнасць павялічылася з 2,5 да 4,1 на тысячу выпадкаў.

belapan.by