У Беларусі вызначана забаронная зона для палёту беспілотнікаў
Абазначэнне тэрыторыі, забароненай для палёту беспілотных лятальных апаратаў, з’явілася ў інтэрнэце на публічнай кадастравай карце Беларусі, даступнай усім жадаючым.
Як паведамляе Дзяржаўны камітэт па маёмасці, схема „Зоны забароны палёту беспілотных лятальных апаратаў (авіямадэляў)” падрыхтавана Нацыянальным кадастравым агенцтвам.
Самая вялікая зона, забароненая для палётаў, гэта памежная тэрыторыя Беларусі з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Украінай, якая займае плошчу больш за 8,5 тыс. кв. кіламетраў.
„Авіямадэлям таксама забаронена лётаць над аэрапортамі, аэрадромамі, ваеннымі часцямі, некаторымі аб’ектамі ў буйных гарадах. Знаходжанне беспілотнага лятальнага апарата ў зонах, забароненых для палётаў, можа прывесці да вельмі непрыемных інцыдэнтаў, такіх як сутыкненне з паветраным суднам або іншай перашкодай, наступствы чаго могуць прывесці да трагедыі і не толькі”, — гаворыцца ў паведамленні Дзяржкаммаёмасці.
Камітэт таксама адзначае, што беспілотныя лятальныя апараты атрымалі шырокае распаўсюджанне ў краіне. „Уладальнікі беспілотных лятальных апаратаў, самі таго не ведаючы, могуць парушаць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, лётаючы над тэрыторыяй, забароненай для палётаў. Таму ў апошнія гады ў Беларусі быў прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць парадак выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку і авіямадэляў”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Шэраг нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць парадак выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў (указ прэзідэнта, пастановы ўрада і Міністэрства абароны), быў прыняты ў Беларусі ў 2016—2017 гадах. У іх зацверджаны выпадкі, якія забараняюць выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў.
У прыватнасці, у Беларусі нельга выкарыстоўваць дроны ў межах зон, забароненых для выкарыстання авіямадэляў, без узгаднення з дзяржаўнымі органамі. Акрамя таго, забаронена выкарыстоўваць лятальныя апараты на вышыні большай за 100 метраў ад узроўню зямной (воднай) паверхні, а таксама дроны масай большай за 0,5 кілаграма без адпаведнай маркіроўкі авіямадэлі.
belapan.by