У Беларусі яшчэ некалькі тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаныя экстрэмісцкімі
20 сакавіка стала вядома, што ў Беларусі яшчэ некалькі тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаныя судамі экстрэмісцкімі.
Так, рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаныя экстрэмісцкімі тры тэлеграм-каналы і адзін чат. Спіс апублікаваны на сайце Міністэрства інфармацыі.
У прыватнасці, з 6 сакавіка экстрэмісцкімі лічацца тэлеграм-група „Мозырь 97%”, тэкст паведамленняў карыстальніка пад імем Jimmy Bananas у тэлеграм-групе „Гомель Советский 97”, а таксама сама група з такой назвай.
12 сакавіка ўвайшло ў сілу рашэнне суда, згодна з якім тэлеграм-канал „Водители 97” і тэлеграм-група з назвай „Речица для Жизни ЧАТ” таксама лічацца экстрэмісцкімі.
У сваю чаргу прэс-служба МУС паведамляе, што з ініцыятывы ГУБАЗіК суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі тэлеграм-канал „Брест: Слухи и факты” і чат „Брест 97%”.
Такое рашэнне суда Ленінскага раёна Берасця вынесенае 17 сакавіка. Цяпер апублікаванне (рэпост) інфармацыі з гэтых супольнасцяў цягне адміністрацыйную адказнасць паводле арт. 19.11 КоАП.
„Тэлеграм-канал „Брест: Слухи и факты” — папулярны пратэстны рэсурс Берасцейшчыны, дзе распаўсюджваюцца матэрыялы аб незаконных масавых мерапрыемствах. У тэлеграм-чаце „Брест 97%” знаходзяцца асобы, якія прытрымліваюцца дэструктыўных поглядаў, і размяшчаюцца заклікі да пратэстаў. Адміністратары рэсурсаў сістэматычна распаўсюджваюць экстрэмісцкія матэрыялы з розных рэсурсаў, у тым ліку прызнаных экстрэмісцкімі афіцыйна, а таксама самі ажыццяўляюць такую дзейнасць”, — гаворыцца ў паведамленні.
„Нагадаем, летась суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў NEXTA-Live і лагатып NEXTA экстрэмісцкімі матэрыяламі”, — адзначаюць у МУС.