У Беларусі магчымы пераход да варыятыўнай сямейнай палітыкі
Захаванне нязменнай сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі патрабуе істотных фінансавых выдаткаў, якія маглі б быць апраўданыя толькі адчувальным дэмаграфічным эфектам.
Аднак паглыбленне спаду нараджальнасці ў 2019 годзе не дае падставы спадзявацца на стабілізацыю колькасці насельніцтва. Пра гэта ідзе гаворка ў даследаванні «Даступная, эфектыўная і справядлівая? Я людзі бачаць беларускую сістэму сацыяльнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі». Яно было прэзентавана ў Менску пазаштатным навуковым супрацоўнікам Даследчага цэнтра ІПМ, загадчыкам сектара сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі Інстытута эканомікі НАН Беларусі Наталляй Шчарбіна.
Як адзначаецца ў яе даследаванні, аналіз дынамікі паказчыкаў нараджальнасці паказаў, што прыкметны яе рост за кошт мер палітыкі стымулявання нараджальнасці адбываўся ў перыяд з 2007 па 2016 гады.
«Аднак тэндэнцыя да зніжэння нараджальнасці ў апошнія гады, а таксама практычна нязменна высокія рызыкі беднасці сярод сем’яў з дзецьмі сведчыць пра тое, што большасць мер больш не працуюць так, як ад іх чакаецца. Насельніцтва адаптавалася да сфармаванай за два дзесяцігоддзі сістэме падтрымкі сем’яў з дзецьмі і ўспрымае яе хутчэй як дадзенасць, як гарантаваны складнік сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы, чым як неабходныя ўмовы для нараджэння дзяцей», – адзначаецца ў даследаванні.
«Калі мэта дзяржавы – павысіць нараджальнасць, то прынятыя меры па стымуляванні нараджальнасці не працуюць», – сказала Наталля Шчарбіна падчас прэзентацыі.
Паводле яе слоў, сямейная палітыка ў Беларусі ў цяперашнім выглядзе – гэта добра вядомы і даступны пакет мер, скарыстацца якім могуць усе катэгорыі сем’яў па-за залежнасці ад узроўню даходаў, але ў залежнасці ад колькасці дзяцей, што робіць такую падтрымку досыць справядлівай у вачах насельніцтва. Больш справядлівай, на думку людзей, сямейная палітыка стала б пры павелічэнні аб’ёму падтрымкі для ўсіх без выключэння сем’яў з дзецьмі.
Аднак жаданне захаваць бягучы ўзровень падтрымкі сем’яў з дзецьмі або павялічыць аб’ём дапамогі асобным катэгорыям сем’яў не цалкам падмацоўваецца гатовасцю людзей фінансаваць такія выдаткі – плаціць больш падаткаў. Як паказала апытанне, ініцыяванае Даследчым цэнтрам ІПМ і Беларускім эканамічным даследча-адукацыйным цэнтрам BEROC, толькі 1,7% рэспандэнтаў выказалі поўную гатовасць плаціць больш падаткаў, яшчэ 9,9% адказалі, што хутчэй згодны плаціць больш падаткаў на фінансаванне сацыяльнай палітыкі. У той жа час адназначна супраць выказаліся крыху больш за 30% рэспандэнтаў, яшчэ крыху больш за трэць сказалі, што хутчэй не гатовыя плаціць больш падаткаў, а больш за 20% не вызначыліся з адказам.
У выніку, як гаворыцца ў даследаванні, захаванне нязменнай сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі патрабуе істотных фінансавых выдаткаў, якія маглі б быць апраўданыя толькі адчувальным дэмаграфічным эфектам.
«Паглыбленне спаду нараджальнасці ў 2019 г. ня дае падставы спадзявацца на стабілізацыю колькасці насельніцтва пры захаванні «статус-кво». Разам з тым, кардынальнае разбурэнне ўсталяванага сацыяльнага кантракту можа пагоршыць дэмаграфічныя праблемы як мінімум у кароткатэрміновым перыядзе. Адмова дзяржавы ад абавязацельстваў выклікала б негатыўную рэакцыю не менш за 20% насельніцтва (столькі рэспандэнтаў лічыць, што дзяржава павінна падтрымліваць сем’і з дзецьмі, паколькі абяцала гэта рабіць)».
Як адзначае Наталля Шчарбіна, нават такі кароткі аналіз дадзеных апытання дазваляе казаць аб патэнцыйных магчымасцях пераходу ад актыўнай патэрналісцкай да варыятыўнай сямейнай палітыкі, якая прадугледжвае пашырэнне мер падтрымкі балансу сям’і і працы.
«Такая практыка ўлічвае змены ў рэпрадуктыўных паводзінах сучасных сем’яў (пазнейшыя шлюбы, зрушэнне календара першых і наступных нараджэнняў у старэйшыя ўзроставыя кагорты жанчын) і стварае ўмовы для бацькоў самастойна забяспечваць годны ўзровень жыцця сваёй сям’і», – гаворыцца ў даследаванні.
Разам з тым, як адзначыла на прэзентацыі Наталля Шчарбіна, у Беларусі на ўзроўні дзяржорганаў пакуль не ідзе гаворкі пра змену дызайну сямейнай палітыкі. Размова пакуль вядзецца толькі пра яе ўдасканаленне.
Паводле thinktanks.by