У Беларусі з пачатку года ад атручвання грыбамі пацярпелі 37 чалавек
У Беларусі з пачатку года 37 чалавек атруціліся грыбамі, паведаміў урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый Гаранюк.
Паводле апошняй інфармацыі, з 1 студзеня ў краіне зарэгістравана 33 выпадкі атручвання грыбамі. Больш за ўсё з іх адбылося ў Менску (12), у Гомельскай і Магілёўскай абласцях (па 7). У Берасцейскай зафіксавана 3 выпадкі, у Менскай – 2, Віцебскай і Гарадзенскай – па адным. «Пацярпелі 37 чалавек, у тым ліку трое дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў», – сказаў Юрый Гаранюк. Сярод прычын атручванняў спецыяліст назваў няведанне відавога складу грыбоў і ігнараванне правіл іх збору і апрацоўкі.
Каб пазбегнуць атручвання грыбамі, неабходна выконваць элементарныя правілы прафілактыкі: збіраць толькі вядомыя (існуюць даведнікі ядомых і атрутных грыбоў), не збіраць і не купляць на рынку перарослыя, адрузлыя, пашкоджаныя лічынкамі і цвіллю грыбы, не збіраць дары прыроды ўздоўж дарог, ніколі не купляць на рынку грыбныя кансервы, герметычна закрытыя вечкамі ў хатніх умовах, а таксама сухія грыбы, грыбную ікру і розныя салаты з іх. Паколькі гэта прадукт, які хутка псуецца, рэкамендуецца не адкладаць апрацоўку і нарыхтоўваць празапас толькі маладыя грыбы. Перад падрыхтоўкай іх трэба старанна мыць, а ваду пасля адварвання абавязкова зліваць.