У Беларусі з пачатку года атруціліся грыбамі 96 чалавек
У Беларусі з пачатку года атруціліся грыбамі 96 чалавек, паведаміла загадчыца аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія Шукевіч.
Па стане на 20 верасня ў рэспубліцы зарэгістраваны 83 выпадкі атручэння грыбамі, сярод якіх адзін са смяротным канцом. Больш за ўсё такіх выпадкаў у Менску (37) і Магілёўскай вобласці (14). У Гарадзенскай вобласці зарэгістравана 5 выпадкаў, Берасцейскай – 5, Гомельскай – 9, Віцебскай – 7, Менскай – 6. Усяго пацярпелі 96 чалавек.
Паводле слоў Віі Шукевіч, па сваёй цяжкасці вострыя атручэнні ядавітымі грыбамі займаюць вядучае месца сярод усіх небактэрыяльных харчовых атручэнняў. Моцнадзейныя яды не разбураюцца пры кулінарнай апрацоўцы.
Атручэнні грыбамі маюць характэрныя прыкметы. Захворванне пачынаецца праз 3-12 гадзін пасля ўжывання іх у ежу. На пачатковых стадыях узнікае рэзкі боль у жываце, нястрымная рвота, панос, слабасць, галаўны боль. У далейшым могуць далучацца сутаргі, галюцынацыі.
Прычынай атручэння могуць стаць не толькі ядавітыя па сваёй прыродзе, але і так званыя ўмоўна-ядомыя грыбы, калі не звяртаць увагі на асноўныя правілы іх гатавання. Да такіх адносяцца некаторыя віды сыраежак, свінухі, ваўнянкі, чарнушкі і інш. Вострае атручэнне можа настаць і ад ужывання ядомых грыбоў, калі яны доўга знаходзіліся без кулінарнай апрацоўкі. Не рэдкасць – атручэнні недаваранымі і сырымі грыбамі.
Каб пазбегнуць захворвання, неабходна выконваць элементарныя правілы прафілактыкі. Збіраць трэба толькі вядомыя грыбы (існуюць спецыяльныя даведнікі). Калі няма ўпэўненасці, што грыб ядомы, лепш яго зусім не браць. Падазроныя грыбы недапушчальна спрабаваць на смак.