У Беларусі за год ад педафілаў пацярпелі амаль паўтысячы дзяцей
У міліцыі расказалі, як змагаюцца з педафіламі і які маштаб прастытуцыі ў Беларусі. Прадстаўнік МУС Генадзь Казакевіч у эфіры АНТ паведаміў, што летась выявілі 487 выпадкаў педафіліі.
“Мы стварылі падраздзяленне інтэрнэт-выведкі, якая дастаткова эфектыўна выяўляе і гандляроў наркотыкамі, і патэнцыйных педафілаў”, — сказаў Казакевіч.
Спецыяльная праграма адсочвае па IP-адрасе людзей, якія цікавяцца сексуальным кантэнтам з удзелам непаўналетніх. Таксама Генадзь Казакевіч расказаў, што ў Беларусі 2,5-3 тысячы чалавек абодвух палоў займаюцца прастытуцыяй. Ён дадаў, што летась за гэта да адказнасці прыцягнулі каля ста мужчын, і гэты паказнік расце.
“Гэта не традыцыйныя альфонсы. Гэта гей-прастытуцыя — мужчыны, якія аказваюць сексуальныя паслугі мужчынам”, — удакладніў Казакевіч.
Узрост такіх асоб, паводле яго, ад 16 да 50 гадоў.