У Беларусі за суткі зарэгістравана 1.778 выпадкаў COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.778 выпадкаў COVID-19, памерлі дзевяць чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісаныя з бальніц 2.992 пацыенты, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 вырасла — 19 студзеня іх было 1.356. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 230.494, памерлі 1.610 пацыентаў з каранавірусам. Ачуняла 214.366 чалавек.

За мінулыя суткі выканана 15.060 тэстаў на каранавірус (усяго — 4.295.374).

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі 19 студзеня пачалася вакцынацыя расейскай вакцынай „Спадарожнік V” медыцынскіх работнікаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі. Перш за ўсё плануюць прышчапіць 2 тыс. 285 медработнікаў у Менску, 3 тыс. 460 — у Берасцейскай вобласці, 3 тыс. 260 — у Віцебскай, 4 тыс. 365 — у Гомельскай, 1 тыс. 735 — у Гарадзенскай, 1 тыс. 610 — у Магілёўскай, 2 тыс. 485 — у Менскай вобласці. Прыблізна 800 доз прызначана для медработнікаў рэспубліканскіх устаноў.

Міністэрства аховы здароўя размеркавала вакцыну па рэгіёнах у залежнасці ад заявак устаноў аховы здароўя.

belapan.by