У Беларусі за суткі зарэгістравана 1.902 выпадкі COVID-19



 За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.902 выпадкі COVID-19, памерла дзевяць чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 3.007 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Колькасць афіцыйна выяўленых хворых за суткі знізілася — 1 студзеня было зарэгістравана 1.939 выпадкаў каронавіруса (9 смерцяў).

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 198.125, памерла 1.442 пацыенты з каронавірусам. Ачуняла 181.109 чалавек.

За мінулыя суткі выканана 21.942 тэсты на каронавірус (усяго — 4.037.453 тэсты).

29 снежня Міністэрства аховы здароўя абвясціла аб пачатку масавай вакцынацыі ад каронавіруса COVID-19 расейскай вакцынай „Спадарожнік V”. Кіраўнік міністэрства Дзмітрый Піневіч адзначыў, што „імунізацыя застаецца найважнейшым кампанентам у барацьбе з эпідпрацэсам”.

„Сёння ў нас пачнецца новы этап — масавая вакцынацыя супраць COVID-19. Першымі будуць вакцынаваныя медыцынскія работнікі, педагогі і тыя спецыялісты, якім з-за асаблівасцяў прафесіі даводзіцца шмат кантактаваць з людзьмі. Вакцынацыя будзе праводзіцца ў добраахвотным парадку”, — сказаў ён.

Чыноўнік паведаміў, што ў краіне створаная сістэма захоўвання вакцыны, закупленае спецыяльнае медыцынскае маразільнае абсталяванне, якое дазваляе транспартаваць вакцыну.

Плануецца, што вытворчасць расійскай вакцыны „Спадарожнік V” на магутнасцях фармпрадпрыемства „Белмедпрэпараты” стартуе ў пачатку вясны.

belapan.by