У Беларусі за суткі зарэгістравана 1.923 выпадкі COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.923 выпадкі COVID-19, памерла 10 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, выпісана з бальніц 3.246 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Колькасць афіцыйна выяўленых хворых за суткі крыху знізілася — 30 снежня было зарэгістравана 1.957 выпадкаў каронавіруса (10 смерцяў).

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 194.284, памерла 1.424 пацыенты з каронавірусам. Ачуняла 175.147 чалавек.

За мінулыя суткі выканана 26.102 тэсты на каронавірус (усяго — 3.988.420).

29 снежня Міністэрства аховы здароўя абвясціла аб пачатку масавай вакцынацыі ад каранавіруса COVID-19 расійскай вакцынай „Спадарожнік V”. Кіраўнік міністэрства Дзмітрый Піневіч адзначыў, што „імунізацыя застаецца найважнейшым кампанентам у барацьбе з эпідпрацэсам”. „Сёння ў нас пачнецца новы этап — масавая вакцынацыя супраць COVID-19. Першымі будуць вакцынаваныя медыцынскія работнікі, педагогі і тыя спецыялісты, якім з-за асаблівасцяў прафесіі даводзіцца шмат кантактаваць з людзьмі. Вакцынацыя будзе праводзіцца ў добраахвотным парадку”, — сказаў ён. Чыноўнік дадаў, што ў краіне створаная сістэма захоўвання вакцыны, закупленае спецыяльнае медыцынскае маразільнае абсталяванне, якое дазваляе транспартаваць вакцыну.

Чакаецца, што вытворчасць расейскай вакцыны „Спадарожнік V” на магутнасцях фармпрадпрыемства „Белмедпрэпараты” стартуе ў пачатку вясны.

belapan.by