У Беларусі за суткі зарэгістраваныя 1.933 выпадкі COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.933 выпадкі COVID-19, памерлі 9 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, выпісаныя з бальніц 2.176 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, трэція суткі запар колькасць новых выпадкаў COVID-19 зніжаецца — 15 студзеня іх было 1.941, 14 студзеня — 1.967, днём раней — 1.972. Рэкорд захворвання быў зафіксаваны 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 223.537, памерла 1.573 пацыенты з каранавірусам. Паправіліся 206.676 чалавек.

За мінулыя суткі выканана 22.769 тэстаў на каранавірус (усяго — 4.238.864).

Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, перапрафіляваныя пад прыём пацыентаў з COVID-19 аддзяленні бальніц Мінскай вобласці неўзабаве вернуцца да звычайнага рэжыму працы. „Захворванне на каранавірусную інфекцыю па краіне ніжэйшае, чым чакалася, таму многія ўстановы аховы здароўя вяртаюцца да звыклага рэжыму працы”, — адзначае міністэрства ў сваім тэлеграм-канале.

У стацыянарах Мінскай вобласці для пацыентаў з COVID-19 было перапрафілявана 32% ложкавага фонду. Найбольшая колькасць свабодных ложкаў зараз налічваецца ў Мінскім абласным процітуберкулёзным дыспансеры, цэнтральных раённых бальніцах Салігорскага, Слуцкага, Стаўбцоўскага, Клецкага, Валожынскага, Маладзечанскага, Вілейскага і Уздзенскага раёнаў.

25 студзеня плануецца адкрыць для планавай працы сталічную радзільню № 2 і Мінскую гарадскую гінекалагічную бальніцу. На бліжэйшы час запланаваныя для вываду дзіцячая інфекцыйная бальніца і 1-я гарадская клінічная бальніца.

belapan.by