У Беларусі заблакаваныя незалежныя інтэрнэт-сайты (абноўлена)
Беларусы праз сайт change.org патрабуюць ад Міністэрства інфармацыі спыніць блакаванне сайтаў. Ініцыятарам звароту стаў Віталь Рымашэўскі – сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Подпісы пад петыцыяй можа паставіць кожны ахвочы, кажа Віталь Рымашэўскі:
– 19 снежня 2014 года быў нанесены ўдар па будучыні Беларусі, па дэмакратыі Беларусі. Такі ж як 19 снежня 2010 года. Тады былі здейснены масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадскіх актывістаў. За адныя суткі беларускія ўлады дагналі і абагналі Кітай хаця б у нечым – гэта тычыцца цэнзуры і інтэрнэту. Заблакаваны доступ да ўсіх буйных незалежных рэсурсаў у Рэспубліцы Беларусь.
Петыцыя супраць блакіроўкі сайтаў закліканая кансалідаваць беларускае грамадства, каб хаця б сваім подпісам людзі маглі падтрымаць незалежныя сродкі масавай інфармацыі, вайну якім аб“явілі беларускія ўлады, – падкрэслівае сустаршыня БХД. Грамадзяне Беларусі маюць права на свабоднае атрыманне інфармацыі з розных крыніц, – адзначае ў сваёй петыцыі Віталь Рымашэўскі. «Мы, ніжэй падпісаныя, патрабуем спыніць блакаванне charter97.org і іншых незалежных інтэрнэт-рэсурсаў. Патрабуем спыніць неабгрунтаваную цэнзуру інтэрнэту».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Беларусі аднавіўся доступ да сайта інтэрнэт-газеты Naviny.by, сайт незалежнага інфармацыйнага агенства БелаПАН па-ранейшаму недаступны.
Прыгадаем, учора ўвечары доступ да гэтых сайтаў спыніўся. Дырэктар кампаніі БелаПАН распавёў парталу Тут.бай, што па невядомай прычыне, без папярэджанняў, былі блакаваныя даменныя імёны.
* * *
Доступ да шэрагу беларускіх інфармацыйных сайтаў такіх як “Onliner.by”, “БелаПан”, “Naviny.by”, “Хартыя 97” ды “Беларускі Партызан” ад 20 снежня на тэрыторыі Беларусі заблакаваны. Медаыяэкспертаў непакоіць той факт што падобнае адбылося да афіцыйнага ўступу ў сілу паправак у закон аб СМІ. На гэтым фоне праца самога журналіста становіцца небяспечнай, зазначае прадстаўнік БАЖ Алег Супрунюк:
– Інфармацыйная журналістыка стала досыць небяспечнай. Чалавек лішні раз падумае, ці варта пісаць пра палітыку, пра сур’ёзныя вялікія падзеі. Гэта вельмі кепска – зніжаецца якасць журналістыкі. У такіх умовах журналіст больш клапоціцца пра асабістую бяспеку.
Нагадаем што нядаўна былі прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія ў значнай ступені могуць абмежаваць свабодны распаўсюд інфармацыі. Шэраг беларускіх журналістаў працягвае падпадаць пад пераслед уладаў з-за адсутнасці акрэдытацыі. Рэшце ж працуючых СМІ у Мінінфармацыі раяць узважана падыходзіць да асвятлення падзеяў, напрыклад такіх, як сітуацыя на валютным рынку.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
* * *
У Беларусі надалей застаецца заблакаваным доступ да сайтаў: “Беларускі Партызан”, “Хартыя-97”, да якіх ад учорашняга вечару далучылася інтэрнэт-выданне “Салідарнасць”. Галоўны рэдактар “Салідарнасці” Аляксандр Старыкевіч кажа, што праблема застаецца нявырашанай:
– З Польшчы сайт даступны, але калі з Беларусі паспрабаваць зайсці, то гэта не атрымаецца.
Рэдакцыя “Салідарнасці” накіравала афіцыйны запыт у “Белтэлекам”, але рэакцыі пакуль няма. Аляксандр Старыкевіч не звязвае сітуацыю наўпрост з новым Законам аб СМІ, які ўступае ў дзеянне з першага студзеня 2015 году, паколькі кажа, што блакаванне сайтаў было і раней без аніякага закону:
– Я ў гэтым сэнсе сыходжу з таго, што адсутнасць нейкіх законаў ці такая акалічнасць, што ён уступае ў сілу праз дзесяць дзён, нічога не мяняе, ніколі нашая ўлада з гэтага культу не рабіла. Таму могуць быць любыя законы – добрыя ці дрэнныя, аднак галоўная праблема палягае ў практыцы, а не ў заканадаўстве. А згодна з практыкай – дазволена ўсё.
Аляксандр Старыкевіч прыгадвае, што агульная тэндэнцыя на абмежаванне інфармацыі назіраецца ўжо 20 гадоў, проста ў розныя перыяды ўлада гэтым займалася ў рознай ступені актыўнасці.
У той жа час Міністэрства інфармацыі праводзіць экстраную нараду з рэдактарамі сродкаў масавай інфармацыі. Паведамляецца, што на яе запрошаныя таксама некаторыя незалежныя рэсурсы – “Наша Ніва” і агенцтва БелаПАН.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Увечары ў суботу ў Беларусі сталі недаступныя нават нейтральныя ў адносінах да ўлады інфармацыйныя інтэрнэт-парталы. Апазіцыйныя інфармацыйныя сайты былі блакаваныя раней.
Праца нейтральнага, па вызначэнні беларускіх аналітыкаў, партала naviny.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН заблакаваная ўвечары ў суботу па невядомых прычынах.
Раней на працягу дня карыстальнікі адчувалі праблемы з доступам да шэрагу сайтаў.
Сайт onliner.by, публікаваў побач з навінамі камерцыйную інфармацыю, быў выключаны з нацыянальнай даменнай зоны па рашэнні аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Лукашэнку – як паведамляецца, за парушэнні гандлёвых аперацый у інтэрнэце і па патрабаванні міністэрства гандлю Беларусі.
Рэдактары сайтаў, якія публікуюць няўзгодненую з уладамі грамадска-палітычную інфармацыю, паведамляюць, што не змаглі дамагчыся ад чыноўнікаў тлумачэння прычыны блакіроўкі сайтаў.