У Беларусі зафіксаваны новы сутачны рэкорд выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 105.283 (+997 за апошнія суткі), паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Гэта новы рэкорд сутачнага прыросту захворвання ў краіне з пачатку пандэміі каранавіруса. За апошнія суткі памерлі яшчэ тры чалавекі з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй. Такім чынам, агульная колькасць памерлых дасягнула 1.004.
Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 90.058 пацыентаў (503 за апошнія суткі).
Праведзена 2.658.817 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 29.926.
Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.