У Беларусі зафіксаваны сутачны рэкорд выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 104.286 (+991 за апошнія суткі), паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Гэта абсалютны рэкорд сутачнага прыросту захворвання ў Беларусі з пачатку пандэміі каранавіруса. За апошнія суткі памерла яшчэ тры чалавекі з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй. Такім чынам, агульная колькасць памерлых дасягнула 1.001.

Міністэрства адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 89.555 пацыентаў (424 за апошнія суткі).

Праведзены 2.628.891 тэст на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 28.149.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ужо паўгода міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемстваў на гэтую тэму.

З 5 лістапада рашэннем Магілёўскага гарвыканкама на тэрыторыі абласнога цэнтра ўведзены масачны рэжым. У прыватнасці, абавязкова выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання ў крамах, гандлёвых цэнтрах, кафэ і рэстаранах (за выключэннем часу прыёму ежы), аптэках, установах аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спартыўных аб’ектах, адміністрацыйных будынках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты, аб’ектах бытавога абслугоўвання, установах культуры, у грамадскім транспарце (у тым ліку ў таксі) і іншых месцах, дзе „цяжка або немагчыма забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне”, гаворыцца на сайце выканкама.

belapan.by